Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Кода

   Кода (італ. coda — хвост, дадатак, ад лац. cauda — хвост) — звышсхемныя дадатковыя словы ці асобныя радкі ў цвёрдых формах верша, а таксама у іншых раўнастрофных вершах.
   Як правіла, кода уяўляе сабой найбольш важкія па думцы выказванні, што канцэнтруюць асноўны сэнс папярэдніх радкоў. У кодзе нярэдка знаходзіцца пуант. Напрыклад, у карацельцы В. Шніпа «Бог» кодаю служыць адно слова, але гэта — асноўнае, стрыжнявое слова верша:

 

Анёлы Анёлы Анёлы Анёлы Анёлы
бела бела бела бела бела
чырвона чырвона чырвона чырвона чырвона
белы белы белы белы белы
людзі людзi людзi людзi людзi
Беларусь...


   Так, верш Рыгора Барадуліна «Русалка» напісаны звычайнымі катрэнамі. Кода, што ідзе за апошнім чатырохрадкоўем твора, дае думцы нечаканы паварот, дзякуючы якому глыбей успрымаецца папярэдняя страфа і ўвесь твор:

 

Дзяўчатанькі,

паверце слову,

Не йдзіце ў жыта за лясочкам —
У жыце вас русалка зловіць,
Яна залашчыць, заласкоча.
Я лепей сам пайду...


   Кодаю часам называюць заключнае двухрадкоўе ў некаторых цвёрдых формах верша (актава, анегінская страфа).