Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Кленіч

   Кленіч — верш, напісаны ў форме праклёна. Па сваім грамадзянскім пафасе нагадвае інвектыву.
   Вось адзін з ранніх беларускіх кленічаў — верш Г. Леўчыка «…Хто адрокся сваіх...» (1912):

 

Хто адрокся сваіх,
Хто стыдацца нас стаў
І прыліп да чужых, —

Каб ён свету не знаў!


Мову родную хто
Пазабыў, асмяяў,
Загубіў за нішто, —

Каб ён свету не знаў!..


   Яскравы ўзор вострага, грамадзянскага кленіча пакінуў Янка Купала («Каб…...», 1926):

 

Каб вады гарачай
На таго нагрэлі
І не ўстаў ён болей
Са сваёй пасцелі…,


Хто над Беларусяй
Хоча распасцерці
Свой бізун чужацкі
І народ усмерціць.


   Часам прыёмы кленіча выкарыстоўваюцца і ў больш буйных вершаваных творах, як, у прыватнасці, у паэме Аркадзя Куляшова «Сцяг брыгады»:

 

Я хачу каб вякі
Чорных асаў спалілі праклёнам,
Каб спалілі забойцу таго,
Яго сына і ўнука,
Хто з-пад крылля свайго
Бомбу першую кінуў на брук наш.
Хай загіне ўвесь род, увесь зброд,
У пакутах загіне!