Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Канфлікт

   Канфлікт (ад лац. conflictus — сутыкненне) — супярэчнасці, што ўвасоблены ў творы ў вобразах персанажаў, якія ўступаюць паміж сабой у пэўныя ўзаемаадносіны, выражаныя ці ў прамым дзеянні (паводзінах і ўчынках) ці ў скрытых, прыхаваных формах (устойлівыя канфліктныя станы, якія не выяўляюцца прама, а праз пэўную пазіцыю герояў, іх перакананні і г. д.).
   Канфлікт з'яўляецца асновай і рухаючай сілай дзеяння і ў выніку вызначае асноўныя стадыі развіцця сюжэта: зараджэнне канфлікту звычайна адбываецца ў завязцы дзеяння; яго нарастанне, пашырэнне і паглыбленне — на этапе развіцця дзеяння; кульмінацыя ж знамянуе сабой найвышэйшае абвастрэнне канфлікту. Такім чынам, вастрыня і глыбіня канфлікту напрамую залежаць ад сюжэта, яго падзейна-якасных характарыстык
   Канфлікт — важны атрыбут эпічных твораў. Яшчэ важнейшая яго роля ў драме. Наогул, творы дадзенага роду немагчыма ўявіць без канфлікту. Нездарма ў свой час Кандрат Крапіва сцвярджаў загалоўкам аднаго з уласных артыкулаў, што «канфлікт — аснова п'есы».
   Канфлікт арганізоўвае і змацоўвае мастацкі твор на ўсіх яго ўзроўнях. Сам жа ён можа трансфармавацца ў ходзе разгортвання: то згладжвацца, то абвастрацца, паўстаючы «на выхадзе» іншым, чым «на ўваходзе». «Нязменнасць канфлікту, яго тоеснасць самому сабе часта абазначае схематызм і малую мастацкасць твора, яго жорсткую маралістычную ці палітычную зададзенасць».
   Эстэтычная спецыфіка канфлікту, яго пафас залежаць ад характару сіл, што ўзаемадзейнічаюць. Канфлікт высокага і высокага (сіл, характараў, перакананняў, ідэй) спараджае трагічны пафас; нізкага і нізкага — камічны; высокага і нізкага — гераічны; нізкага і высокага — сатырычны; эстэтычна значная адсутнасць канфлікту нясе ў сабе ідылічны пафас.
   На змест і мастацкую спецыфіку канфлікту накладвае пэўны адбітак час, эпоха. Таму невыпадкова даследчыкі літаратуры гавораць аб пэўнай агульнасці канфліктаў у межах аднаго гістарычнага часу, адной эпохі. Так, для антычнага мастацтва цэнтральным з'яўляўся канфлікт абмежаванага ў сваіх прадбачаннях чалавека і ўсемагутнага року; у сярэднія вякі ў літаратуры і мастацтве адлюстроўваўся пераважна канфлікт боскага і д'ябальскага, духоўнага і пачуццёвага ў прыродзе чалавека; у эпоху Адраджэння універсальная і гераічная асоба змагаецца з антыгуманнай і бяздушнай светабудовай; творы класіцызму адлюстравалі барацьбу ў асобе чалавека прыватных і грамадскіх памкненняў, жарсці і доўгу; рамантычнае мастацтва ўвасабляла барацьбу ідэалу з рэчаіснасцю, генія з натоўпам, духоўнай свабоды з матэрыяльнай прыземленасцю; рэалізм ХІХ ст. звярнуў асаблівую ўвагу на барацьбу неардынарнай і духоўна багатай асобы з не надта спрыяльным для рэалізацыі яе ўнутраных патэнцый грамадскім укладам; у літаратуры мадэрнізму «канфлікт трактуецца, як правіла, глабальна — як вечная і неадольна-бязвыхадная разарванасць чалавека, супрацьстаянне сацыяльнага і біялагічнага, свядомага і падсвядомага ў яго прыродзе, невырашальная супярэчнасць адзінокага індывіда з адчужанай ад яго рэальнасцю»