Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Кансанансная рыфма (кансананс)

   Кансанансная рыфма, або кансананс (лац. consonans — зычны гук, ад consonare — гучаць ва унісон), — від недакладнай рыфмы, у якой супадаюць толькі зычныя гукі (дом — дым, кедр — кадр, долы — дула).
   Часам гэту рыфму называюць дысанансам (франц. dissonance, ад лац. dissono — гучу не ў лад), паколькі націскныя галосныя ў ёй не супадаюць.
   Ва ўзбагачаным кансанансе ў паслянаціскной і пераднаціскной пазіцыі могуць быць аднолькавымі і некаторыя галосныя гукі:

 

А ў нядзелю параначку
Ходзіць рэкрут па рыначку,
Бярэ віно-гарэлачку.
(Народная песня)


   Надзвычай рэдкі ў беларускай паэзіі ўзор верша, поўнасцю напісанага кансанансам, пакінуў Уладзімір Дубоўка («I чаму глядзіш так»):

 

Ты была другая.
Я — такі, як сёння.
Што ж: была і песня,
быў і звонкі смех.
І прайшло без следу,
знікла ўсё дазвання,
нават адгалосак
пралунаў і сціх.


   У гэтым вершы сустракаюцца і такія кансанансы: падазронай — падарунак, не той — пытай, згадаю — хадою, рабін — табун, успамінам — туманам, зноў — знаў.
   Верш Уладзіміра Жылкі «Да Персі Шэлі» таксама напісаны з выкарыстаннем толькі кансанансных рыфмаў. Вось некаторыя рыфмовыя пары паэта: Шэлі — шалі, лёс — лес, крокам — крыкам, рад — рот, далі — долі, дым — дум і г. д.
   Што да верша Ніла Гілевіча «Восень», які таксама цалкам пабудаваны на кансананснай рыфме (восень — вусень, эскулапы — асталопы, у пушчы — пашчы і інш.), то ў гэтым гумарыстычным творы якраз высмейваюцца паэты — аматары такіх рыфмаў.
   Эстэтычнае ўздзеянне кансанансных рыфмаў, як недакладных рыфмаў увогуле, засноўваецца на іх нечаканасці.