Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Камедыя

   Камедыя (гр. komodia, ад komos - вясёлы натоўп і ode - песня) - адзін з відаў драматычнага роду літаратуры, гумарыстычна-сатырычная п'еса, у якой паказваюцца камічныя падзеі і з'явы, высмейваецца негатыўнае ў жыцці.
   Узнікла камедыя ў Старажытнай Грэцыі (Арыстафан, канец V - пач. ІV ст. да нашай эры), заняла віднае месца сярод усіх відаў і жанраў еўрапейскіх літаратур (Мальер, Шэкспір, Лопе дэ Вега, Шоў і інш.), шырокае развіццё атрымала ў рускай і ўкраінскай літаратурах (М. Гогаль, А. Астроўскі, У. Маякоўскі, Я. Шварц, Р. Квітка-Аснаўяненка, М. Крапіўніцкі, А. Карнайчук і інш.).
   Станаўленне беларускай камедыі адбылося ў другой палове XVІІІ ст. ("Камедыя" Каятана Марашэўскага, "Доктар па прымусу" М. Цяцерскага). Уласна, з камедыі пачалася беларуская драматургія. Вялікі ўклад у яе развіццё ўнёс Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч ("Пінская шляхта", "Ідылія", "Залёты"). Аднак найбольшага поспеху камедыя дасягнула ў ХХ стагоддзі. У гэты час з'явілася цэлая кагорта выдатных камедыёграфаў - Янка Купала, Францішак Аляхновіч, Уладзіслаў Галубок, Кандрат Крапіва, Андрэй Макаёнак і інш.
   Сярод жанраў беларускай камедыі асаблівае пашырэнне набыла сатырычная камедыя ("Тутэйшыя" Янкі Купалы, "Пан міністар" Францішка Аляхновіча, "Хто смяецца апошнім" і "Мілы чалавек" Кандрата Крапівы, "Лявоніха на арбіце" Андрэя Макаёнка, "Мудрамер" Міколы Матукоўскага, "Укралі кодэкс" Алеся Петрашкевіча і інш.). Побач з ёй існуюць вадэвілі (невялікія, аднаактавыя камедыйныя творы з займальнай інтрыгай, анекдатычным парадаксальным сюжэтам, песнямі-куплетамі, часам танцамі: "Прымакі" Янкі Купалы, "Пісаравы імяніны" Уладзіслава Галубка, "Збянтэжаны Саўка" Леапольда Родзевіча), камедыі лірычныя ("Шчаслівы муж" Францішка Аляхновіча, "Пяюць жаваранкі" Кандрата Крапівы), сацыяльна-бытавыя ("Паўлінка" Янкі Купалы, "Аперацыя "Мнагажэнец" А. Дзялендзіка), фантастычныя ("Брама неўміручасці" Кандрата Крапівы), камедыі-памфлеты ("Зацюканы апостал" Андрэя Макаёнка) і інш. Невялікія камедыі ці вадэвілі з элементамі грубаватых жартаў, надмернымі знешнімі камічнымі эфектамі атрымалі назву фарса (франц. farse, ад лац. farsio -начыняю, напаўняю). У жанры фарса-вадэвіля напісана "Пінская шляхта" Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.