Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Каламбур

   Каламбур — невялікі (часцей у два ці чатыры радкі) гумарыстычны верш, пабудаваны на каламбурных, аманімічных ці амаграфічных рыфмах (або на тых і другіх адначасова).
   Вось два каламбуры Ніла Гілевіча:

Неяк раз са дна ракі
Падняліся ў неба ракі.
Вецер здзёр андаракі —
І памерзлі небаракі.

Барсукі у глыб нары,
Баючыся кары,
Нацягалі шмат кары
І зрабілі нары.


   У апошні час пачаў развівацца жанр так званага літаратурнага каламбура:

 

З недапісаным раманам
Лез у класікі Раман.
Кажуць, і сыны Рамана
Пішуць той жа ўсё раман.
(Хв. Жычка)

Стараўся браць на мушку
Малюсенькую мушку.
(П. Шыбут. «Крытык»)


   Кнігу цікавых каламбураў «Абы здароўе» (Мн., 1979) выдаў І. Курбека. Вось некалькі твораў з гэтага выдання:

 

У адным сумленнасць:
Кожны дзень сум, ленасць...
(«Гультай»)

Трапіць у застолле —
Ну, дальбог, за сто лье!
(«П’яніца асілак»)

Як на шэфа петушыўся,
То душой у пяты шыўся.
Калі ўжыў хвалебны выраз —
У вачах начальства вырас.
(«Метамарфоза»)