Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Жарганізм

   Жарганізм (франц. jargon) — слова ці выраз, якія ўжываюцца ў мове людзей, звязаных паміж сабой аднолькавымі сацыяльнымі, бытавымі ці якімі-небудзь іншымі ўмовамі жыцця і працы. Жарганізмы узнікаюць на аснове пэўнай гаворкі і зразумелыя звычайна невялікай групе людзей.
   Некаторыя жарганізмы пранікаюць у літаратурную мову і становяцца агульнаўжывальнымі. У мастацкай літаратуры, як слушна падкрэсліваў Максім Рыльскі, «жаргонныя і дыялектныя выслоўі асабліва шырока прымяняюцца ў гумары і ствараюць там вялікі эфект». Сустракаюцца жарганізмы і ў лірычных творах. У прыватнасці, жарганізмы надаюць непаўторны характар лірыцы Пімена Панчанкі:

 

Вясна пачынаецца з мод,
Шаўковым павеяла шэлестам.
І самы занудлівы жмот
На плацце адно раскашэліцца.
(«... Хадзіў я па лесе і сведчу»)


   Да жарганізмаў блізкія прафесіяналізмы — вузкаўжывальныя словы або выразы, якія не выходзяць за межы літаратурнай лексікі, але выкарыстоўваюцца пераважна ў мове прадстаўнікоў нейкай прафесіі: маракоў (кок, камбуз, склянка), столяраў (гэбаль, баран, дыля) і г. д.
   Да прафесіяналізмаў адносяцца і літаратуразнаўчыя тэрміны. Ужываюцца яны, як і жарганізмы, для мастацкай характарыстыкі аб'екта аповеду:

 

«Корпусы» ды «цыцары»

і побач «петыты»

Дыванамі сцелюцца

згодна ў гранкі-пліты.

(Янка Купала. «Беларускаму дзяржаўнаму выдавецтву»)


   Выкарыстанне шматлікіх жарганізмаў вядзе да стварэння арго (франц. argot — жаргон) — мовы нейкай вузкай сацыяльнай ці прафесійнай групы, незразумелай для іншых людзей той самай нацыі (арго студэнцкае, гандлярскае, турэмнае і інш.).