Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Дэкаданс

   Дэкаданс (ад франц. dekadence – заняпад) – тэрмін, якім раней было прынята абазначаць «упадніцкія» мастацкія і культурныя з’явы нерэалістычнага характару, якія выявіліся ў заходнееўрапейскай літаратуры апошняй трэці ХІХ ст. Аднак літаратурны дэкаданс, з пункту гледжання сённяшняга літаратуразнаўства, пазбаўленага ідэалагічных клішэ і догм, – з’ява неардынарная, супярэчлівая, і адналінейнасць у яго ацэнцы немагчымая. Ён не можа служыць дакладным і вычарпальным вызначэннем усяго кола шматстайных і супярэчлівых эстэтычных пазіцый, якія займалі пісьменнікі, паэты і крытыкі ў Францыі, Англіі, Германіі і іншых краінах у гэты перыяд.
   На фарміраванне дэкадэнцкага светаўспрымання аказалі ўплыў многія фактары. Асабліва моцна паўздзейнічалі на дадзены працэс новыя філасофскія вучэнні. На першым месцы сярод іх – інтуітывісцкая тэорыя А. Бергсана, псіхааналітычнае (з падсвядомым у цэнтры) вучэнне З. Фрэйда, філасофія Ф. Ніцшэ з апалогіяй звышчалавека. Для дэкаданснага светапогляду характэрны шэраг устойлівых рыс: пачуццё гэтак званай «рубежнай стомленасці», ірацыяналізм і містыцызм у ацэнцы з’яў і падзей; песімізм у адносінах да сучаснага і асабліва да будучага; апакаліпсічныя чаканні; успрыманне ўласнага жыцця як пакутлівага і бессэнсоўнага гібення, ад якога можа выратаваць толькі жаданая смерць; падкрэсленая цікавасць да анармальных, паталагічных станаў: вар’яцтва, суіцыду (самазабойства), садамазахісцкага комплексу і г. д.; амаралізм, дэманстратыўнае грэбаванне агульнапрынятымі этычнымі нормамі.
   Радзімай літаратурнага дэкадансу стала Францыя, якая працягвала жыць «хутчэй іншых» (М. Горкі), а пагэтаму прыкметы «ўпадку цывілізацыі» тут абазначыліся раней, чым у іншых еўрапейскіх краінах. Тут жа, у Францыі, склаліся і першыя дэкадэнцкія літаратурныя плыні – сімвалізм і імпрэсіянізм, якія вызначылі развіццё еўрапейскай і ў прынцыпе ўсёй сусветнай літаратуры апошняй трэці ХІХ – пачатку ХХ стст.
   З Францыі дэкадэнцтва пайшло паступова распаўсюджвацца па іншых краінах. У Вялікабрытаніі рысамі дэкадэнцтва пазначана творчасць прэрафаэлітаў (група мастакоў і паэтаў пад кіраўніцтвам Д. Расеці, якая ў сваіх поглядах і мастацкай практыцы адштурхоўвалася ад італьянскіх мастакоў дарафаэлеўскай эпохі (Джота, С. Бацічэлі); прэрафаэліты арыентаваліся на паэзію Дантэ і англійскіх рамантыкаў; для іх быў характэрным культ прыгажосці, містыка і эратычныя матывы). Пад уплывам дэкадэнцкіх настрояў апынуліся ў пэўнай ступені і такія буйныя еўрапейскія майстры слова, як О. Уайльд, М. Метэрлінк, Р. М. Рыльке і інш. У Расіі дэкадэнцтва адлюстравалася ў творчасці «старэйшых сімвалістаў» (М. Мінскага, Дз. Меражкоўскага, З. Гіпіус), а таксама Ф. Салагуба, Л. Андрэева і некаторых іншых пісьменнікаў.
   Найбольш вызначальныя моманты творчага почырку і паэтыкі дэкадэнтаў – гэта імкненне збегчы (як, дарэчы, рабілі ў свае часы рамантыкі) ад рэчаіснасці ў мару альбо ў свой унутраны свет; прадказванне немінуючай пагібелі чалавецтва, бунт супраць сучаснага свету, які не спраўдзіў надзей; выкарыстанне ў якасці асноўнай жанравай формы кароткага лірычнага верша; імкненне да перадачы ў творах асобных фрагментаў быцця з іх «мікрааналізам».