Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Дыялог

   Дыялог (ад грэч. dіalogos — гутарка, размова паміж двума чалавекамі) —
   1. Гутарка паміж двума ці больш персанажамі літаратурнага твора ў форме простай мовы. Выкарыстоўваецца найперш у драматычных творах (яны і пішуцца ў форме дыялога), але сустракаецца ў эпічных (размова персанажаў), лірыка-эпічных (напрыклад, у «Сымоне-музыку» і «Рыбаковай хаце» Якуба Коласа) і нават лірычных.
   Існуюць своеасаблівыя вершы-дыялогі, цалкам пабудаваныя ў форме дыялога («Чаго бяжыш, мужычок?» Францішка Багушэвіча, «Стары ляснік» Янкі Лучыны, «А хто там ідзе?» Янкі Купалы, «Помнік» Васіля Зуёнка і інш.). Вось верш-дыялог Анатоля Вярцінскага «Размова з Ду Фу»:

 

Чытаю кнігу, за страфой страфу.
Пытаюся — адказвае Ду Фу.
— Скажы, Ду Фу, навошта п’еш віно?
— Забыцца памагае мне яно.
Душа мая пакутуе, рыдае,
не знойдзеш зараз радасці ў Кітаі...
— Чаму, Ду Фу, пакутуе народ?
— А хіба можа быць наадварот,
калі яго правіцелі — тыраны,
як барсы, жорсткія, тупыя, як бараны...
— А ты прыдворным мог бы быць, Ду Фу?
— Каб дагаджаць, каб гнуцца у дугу?!
Я з голаду памру, але не буду
лісліўцам, баязліўцам, лізаблюдам.


   2) асобны жанр публіцыстыкі, у якім у форме размовы звычайна двух персанажаў, што стаяць на розных пазіцыях, высвятляецца сутнасць нейкай грамадска-палітычнай ці філасофскай праблемы, сцвярджаюцца пэўныя думкі, ідэі («Банкет» і «Дзяржава» Платона, «Парадокс пра актора» Д. Дзідро, «Пры сконе веку» Івана Франка і інш.). У беларускай літаратуры такія дыялогі не прыжыліся.