Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Духоўная лірыка

   Духоўная лірыка — фальклорныя і аўтарскія вершы і песні на рэлігійную тэматыку.
   Яшчэ ў перыяд Кіеўскай Русі на Беларусі вандроўныя лірнікі, жабракі-старцы выконвалі духоўныя песні, у аснове якіх былі сюжэты агіяграфічных і апакрыфічных твораў, старазапаветных і евангельскіх паданняў і міфаў.
   Духоўныя песні на беларускай мове выконваліся ва уніяцкіх храмах у 1596-1839 гг. (у перыяд існавання уніяцтва як асобнай канфесіі), часам уключаліся і ўключаюцца дагэтуль (асабліва ў ХХ ст., у перыяд нацыянальнага адраджэння) у багаслужбу ў касцёлах, цэрквах, пратэстанцкіх малітоўнях (побач з песнямі на польскай, рускай і стараславянскай мовах).
   Сярод іх вылучаюцца духоўныя гімны, як, у прыватнасці, гімн «Магутны Божа» (словы Наталлі Арсенневай, музыка М. Равенскага):

 

Магутны Божа! Ўладар сусветаў,
вялікіх сонцаў і сэрц малых,
над Беларусяй ціхай і ветлай
рассып праменне Свае хвалы.
Дай спор у працы будзённай, шэрай,
на хлеб штодзённы, на родны край,
павагу, сілу і веліч веры
у нашу праўду, у прышласць — дай!
Дай урадлівасць жытнёвым нівам,
учынкам нашым пашлі ўмалот.
Зрабі свабоднай, зрабі шчаслівай
краіну нашу і наш народ!


   Першыя з вядомых аўтарскіх духоўных вершаў напісаў Францыск Скарына і змясціў у некаторых сваіх прадмовах і пасляслоўях да перакладу Бібліі («Богу в Троици единому ко чти и ко славе», «Веруй в Бога единого», «Помни дни святые святити»).
Шырокую вядомасць у свой час атрымалі напісаная па-беларуску ў элегічным стылі лірычная ананімная паэма «Лямант на смерць Лявонція Карповіча» (1620), верш Афанасія Філіповіча «Даруй пакой царкве сваёй, Хрысце Божа» (1646).
   Свайго найвышэйшага ўздыму духоўная лірыка знайшла ў асобе Сімяона Полацкага, які і ў беларускі перыяд творчасці, і пасля пераезду ў Маскву (1664) неаднаразова звяртаўся да рэлігійнай тэматыкі, у прыватнасці, выдаў«Псалтирь рифмованную» — пераклад рыфмаваным вершам старажытных псальмаў. Дарэчы, гэты своеасаблівы творчы подзвіг нядаўна паўтарыла вінніцкая паэтэса Т. Якавенка, якая перастварыла па-ўкраінску (і таксама рыфмаваным вершам) усе 150 псальмаў («Книга псалмів у переспівах». Вінніца, 2003).
   Духоўная лірыка ў пэўнай ступені знайшла пашырэнне ў новай, а таксама ў сучаснай беларускай літаратуры (Янка Купала, Карусь Каганец, Алесь Гарун, Змітрок Бядуля, Янук Д., Стары Улас, Н. Арсеннева, Ларыса Геніюш, М. Сяднёў, В. Швед і інш.). З’явіліся прафесійныя аўтары духоўнай лірыкі, пераважна святары, — К. Сваяк, В. Адважны, А. Зязюля, Зьніч (Бембель) і інш.
   Рэлігійную тэматыку ў сучаснай паэзіі Беларусі распрацоўваюць І. Багдановіч, Т. Бондар, Н. Загорская, Г. Каржанеўская, Х. Лялько, Г. Тварановіч і інш. Узоры беларускай духоўнай лірыкі увайшлі ў зборнікі «Храм і верш» (Уклаў М. Гайдук; Беласток, 1993) і «Насустрач духу: Анталогія беларускай хрысціянскай паэзіі» (Уклаў І. Чарота; Мінск, 2001).