Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Двухрадкоўе

   Двухрадкоўе — найбольш просты від страфы, якая складаецца з двух радкоў, звязаных сумежнай рыфмоўкай ці клаўзацыяй (у белым вершы). Можа ляжаць у аснове манастрафічнага верша (двухрадковік).
   У антычнай паэзіі двухрадкоўі пэўнага памеру ўтваралі асобную страфу — элегічны двуверш. Надзвычай распаўсюджана ў паэзіі Усходу (бейт).
   Двухрадкоўе нярэдка ўваходзіць як састаўная частка (у гэтым выпадку яго называюць рыфмовай парай) у больш буйныя страфічныя формы (чатырохрадкоўі, шасцірадкоўі, васьмірадкоўіаабб, ааббвв, ааббввгг), служыць кодай у некаторых класічных відах строфаў (санеце шэкспіраўскага тыпу, актаве, анегінскай страфе). Найчасцей жа выступае як самастойная страфа ў лірычных вершах і паэмах:

 

Ёсць яшчэ адзін куточак запаветны,
Дзе растуць, нібы грыбы, здаўна паэты.

Там зязюлямі завуцца ўсе кукушкі,
Гэтым краем з Кішынёва ехаў Пушкін.

Там прыгонных шмат паэтаў замарылі,
Там Міцкевіч закахаўся у Марылю.
(Пімен Панчанка. «Край паэтаў»)


   Першы ўзор беларускага двухрадкоўя сустракаем у Францыска Скарыны ў прадмове да кнігі «Исход» (1517):


Помни дни светые святити,
Отца и матку чтити!

Не забивай ни едина,
И не делай греху блудна!

Не вкради что дружнего,
А не давай свядецтва лживего!

Не пожелай жены ближнего,
Ни имения или речи его!


   Двухрадкоўе было асноўнай страфой у беларускіх паэтаў-сілабістаў, хоць графічна строфы тады не аддзяляліся адна ад другой (А. Рымша, Я. К. Пашкевіч, Сімяон Полацкі і інш.).
   Двухрадкоўем напісаны асобныя вершы Янкі Купалы («Былі ў бацькі тры сыны», «Хто ты гэткі?»), Якуба Коласа («Каля акна ў астрозе», «На рэчцы»), Уладзіміра Дубоўкі («Бацькаў наказ», «Сенненская Алеся»), М. Лужаніна («Мараўская песня») і інш.