Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Дакументальна-мастацкая літаратура

   Дакументальна-мастацкая літаратура — сукупнасць літаратурных твораў розных відаў і жанраў, якія заснаваны на рэальных падзеях, з'явах, жыцці канкрэтных людзей. Сюды адносяцца даўнія летапісы, хронікі, агіяграфічныя творы, мемуары (успаміны). Самымі тыповымі ўзорамі дакументальна-мастацкай літаратуры з'яўляюцца нарысы, біяграфічныя або аўтабіяграфічныя творы, дзённікі. Ад гістарычнай літаратуры адрозніваецца тым, што ў ёй не асобныя рэаліі (персанажы, падзеі, месца дзеяння і інш.) маюць першаўзоры, а літаральна ўсе: апісваюцца пад сваімі найменнямі падзеі, людзі, паселішчы, вадаёмы і г. д.
   Дакументальна-мастацкія біяграфічныя і аўтабіяграфічныя творы спалучаюць дакладнасць дакумента з вымыслам мастацкім, з жывасцю, а падчас і займальнасцю аўтарскага аповеду. Сярод іх — аповесці С. Александровіча пра Якуба Коласа "Ад роднае зямлі... ", "На шырокі прастор" і "Крыжовыя дарогі", раман-даследаванне Я. Міклашэўскага "Каханне і смерць, або Лёс Максіма Багдановіча", "Споведзь" Ларысы Геніюш, "Аповесць для сябе" Б. Мікуліча і "Аповесць пра друга" Iвана Шамякіна, "Стомленасць Парыжам" Леаніда Дранько-Майсюка і інш.
   У апошні час на аснове вусных успамінаў сведкаў пэўных падзей (як правіла, гэтыя ўспаміны аўтарамі будучых кніг запісваюцца на магнітафон) узніклі арыгінальныя дакументальныя кнігі-сведчанні: "Я — з вогненнай вёскі" Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і У. Калесніка, "Блакадная кніга" Алеся Адамовіча і Д. Граніна, "У вайны — не жаночы твар", "Апошнія сведкі" і "Цынкавыя хлопчыкі" Святланы Алексіевіч. З'явіўся раман-дакумент А. Пашкевіча "Пляц Волі". У творчасці Янкі Брыля шырока выкарыстоўваецца форма дзённікавых запісаў ("Трохі пра вечнае", 1978; "Сёння і памяць", 1985 і інш.).