Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Гістарычная літаратура

   Гістарычная літаратура — сукупнасць літаратурных твораў розных відаў і жанраў, прысвечаных пэўным гістарычным падзеям ці асобам.
   Пачатак гістарычнай літаратуры — у фальклоры, у прыватнасці ў гераічных песнях, баладах, былінах, легендах, паданнях. Асобныя жанры пісьмовай гістарычнай літаратуры з'явіліся яшчэ ў пачатку нашай эры (раманы пра Аляксандра Македонскага, Траянскую вайну і інш.). Некаторыя з гэтых твораў у арыгінале і перакладах пранікалі ў сярэдневяковую Беларусь ("Александрыя"), садзейнічалі станаўленню ўласнабеларускай гістарычнай літаратуры.
   Што да новай беларускай літаратуры, то ў ёй гістарычная літаратура заявіла пра сябе значна пазней, чым у іншых еўрапейскіх — англійскай (У. Шэкспір, В. Скот), французскай (В. Гюго), рускай (А. Пушкін, М. Гогаль, Л. Талстой), польскай (Адам Міцкевіч, Г. Сянкевіч, С. Жэромскі), украінскай (Тарас Шаўчэнка, М. Старыцкі) і інш. Уласныя вытокі яе — у вершаваных аповесцях Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ("Вечарніцы", "Славяне ў ХІХ стагоддзі", "Люцынка, або Шведы на Літве"), у паэмах і вершах Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, апавяданнях Максіма Гарэцкага і інш.
   У ХХ ст. беларуская гістарычная літаратура паўстала ў розных відах: рамане ("Віленскія камунары" Максіма Гарэцкага, "Адвечнае" Б. Мікуліча, "Петраград-Брэст" Iвана Шамякіна, "Сустрэнемся на барыкадах" П. Пестрака, "Крыж міласэрнасці" В. Коўтун), аповесці ("Францішак Скарына" С. Хурсіка, "Кастусь Каліноўскі" А. Якімовіча, "На струнах буры" Л. Арабей, "Мсціслаўцаў посах" Э. Ялугіна, "Пагоня на Грунвальд" К. Тарасава), драме ("Скарынін сын з Полацка", "Напісанае застаецца" і "Русь Кіеўская" Алеся Петрашкевіча, "Брэсцкая крэпасць" К. Губарэвіча), паэме ("Нарач" і "Мікалай Дворнікаў" Максіма Танка, "Хамуціус" Аркадзя Куляшова, "Крэва" М. Арочкі, "Алаіза" Анатоля Сыса, "Рагнеда" Т. Бондар), апавяданні, вершы і інш. Асаблівых поспехаў гістарычная літаратура дасягнула ў творчасці Уладзіміра Караткевіча, у яго раманах і аповесцях ("Каласы пад сярпом тваім", "Сівая легенда", "Зброя", "Нельга забыць"), драмах ("Кастусь Каліноўскі", "Званы Віцебска"), паэмах і вершах. Пад уздзеяннем Уладзіміра Караткевіча вырасла цэлая плеяда майстроў гістарычнай літаратуры (У. Арлоў, Леанід Дайнека, Вольга Іпатава і інш.).