Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Гутарка

   Гутарка - адзін з жанраў фальклорнай і аўтарскай ананімнай беларускай літаратуры ХІХ ст.; маналог або дыялог (часцей вершаваны), у якім у форме непаспешлівай, доказнай гаворкі асвятляліся вострыя сацыяльна-палітычныя (зямля, воля, адмена прыгоннага права) і маральныя (праўда і крыўда, п'янства) праблемы.
   Гутарка патрабавала зацікаўленага слухача, субяседніка. У ёй панавалі інтанацыі жывой гаворкі, народнага маўлення, што выяўляліся ў лексіцы, сінтаксісе, рытмічным ладзе. Вершаваныя гутаркі пісаліся раёшнікам, сілабічным, інтанацыйна-сказавым, сілаба-танічным вершам (чатырохстопны харэй). Асаблівае распаўсюджанне набылі "Гутарка Данілы са Сцяпанам", "Гутарка ў карчме", "Гутарка старога дзеда", "Вось цяпер які люд стаў", "Сход", "Гутарка Паўлюка" і інш.
   Гутаркі аказалі пэўнае ўздзеянне на асобныя літаратурныя віды - верш, паэму, апавяданне, прадвызначыўшы дыялагічную форму некаторых з іх. Пад уздзеяннем вершаваных гутарак узніклі празаічныя мастацка-публіцыстычныя гутаркі ("Перадсмяротны разгавор пустэльніка Пятра", "Дзядзька Антон, або Гутарка аб усім чыста, што баліць, а чаму баліць - не ведаем" і інш.). З пачатку ХХ ст. гэты жанр у фальклоры не сустракаецца.