Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Гукаперайманне

   Гукаперайманне - імітацыя з дапамогаю гукаў пэўнай мовы тых ці іншых гукаў рэчаіснасці.
   Інструментоўка на асобныя (перш за ўсё зычныя) гукі дапамагае асацыятыўна ўзнавіць то грукат грому ("Грамы варочаюцца: - Гах! Га-гах! // Падтаквае ім роскат крутабокі" - С. Гаўрусёў), то ціканне гадзінніка ("Я гадзіннік, вам будзільнік, // Каб не дзынкнуў - дзінь-дзінь-дзінь, // Вы б у школу не схадзілі // І праспалі б як адзін" - С. Шушкевіч), то шум і рокат горнага вадаспаду ("У горных жорнах перацёрты, // Па схіле, як па латаку, // Паток ссыпаўся, распрасцёрты, // І ніцма падаў у раку" - М. Лужанін), то стукат конскіх капытоў ("Пад падковамі рытм. // Перастук пад падковамі" - Максім Танк), то свіст косаў ("Дзе вы, брацці-ўдальцы, дзе вы, хлопцы-касцы?" - Янка Купала), то яшчэ што-небудзь.
   Аднак ні ў якім разе нельга думаць, што быццам бы сродкамі гукапераймання можна дакладна ўзнавіць пэўныя гукі рэчаіснасці. Зрабіць гэта немагчыма, дый не патрэбна. Дастаткова, што па асацыяцыі, гукавой аналогіі ў нашай уяве паўстае гукавы, а за ім - зрокавы вобраз з'явы ці прадмета.
   Да гукапераймання адносіцца анаматапея (ад грэч. onomatopoieia -вытворчасць назваў) - ужыванне гукапераймальных слоў, якія імітуюць асобныя гукі прыроды, крыкі птушак, звяроў і гэтак далей (зязюля кукуе, певень кукарэкае, кот мяўкае). Анаматапея сустракаецца, у прыватнасці, у вершы Янкі Лучыны «Вясновай парой»:

— Дурна кажа салавейка,
Брэша, сын сабачы:
«Дай-дай!»— Песня та — капейка!
Лепшы говар драчы:
«Дзяры!.. бяры!.. — Будзеш есці
І мёд піці збанам.
Пры худобе і пры чэсці
Скора станеш панам».
— А вароны што казалі,
Ой там, у граніцы?..
Яны кажуць: «Кралі, кралі!..» —
Там, на шыбяніцы.