Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Графічная форма

   Графічная форма (ад гр. grapho - пішу, малюю) -размяшчэнне літаратурнага тэкста на паперы пры запісе ці друкаванні дзеля аблягчэння і паглыблення яго зрокавага ўспрымання, лепшага спасціжэння сэнсу.
   Да графічнай формы празаічных тэкстаў адносяцца афармленне абзацаў, наяўнасць прабелаў паміж асобнымі раздзеламі, выдзяленне дыялогаў і гэтак далей.
   Асабліва складаная і разнастайная графічная форма паэтычных твораў. Агульнапрынятае друкаванне вершаваных радкоў у калонку, па строфах, з прабеламі паміж строфамі, выдзяленне асобных слоў і словазлучэнняў, кароткіх і доўгіх радкоў. Часам асобныя строфы і радкі паслядоўна "падаюцца" ўлева або ўправа. Падчас ужываецца так званая "лесвіца Маякоўскага" - разбіўка вершарадоў на сэнсава значныя адзінкі і запіс іх асобнымі радковымі ўступамі.
   Графічная форма ляжыць у аснове так званай зрокавай паэзіі, куды адносяцца акравершы, тэлевершы, месавершы, а таксама розныя фігурныя вершы, радкі якіх размяшчаюцца так, што ствараюць абрысы якой-небудзь фігуры (трохкутніка, зоркі, ромба і г. д.). Фігурныя вершы знаходзім яшчэ ў С. Полацкага, які вершаванымі радкамі "маляваў" контуры васьмікутнай зоркі, сэрца, крыжа і інш. Зразумела, што такі запіс ці друкаванне вершаваных тэкстаў мае пераважна фармальны характар. Фігурныя вершы, як своеасаблівыя застаўкі, сустракаюцца ў выданнях для дзяцей, радзей - у "дарослай" паэзіі.