Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Гратэск

   Гратэск (франц. grotesque - незвычайны, смешны, ад італ. grotta - грот) - паэтычны троп, а таксама мастацкі прыём адлюстравання рэчаіснасці, які парушае сапраўдныя формы і памеры рэчаў і прадметаў, спалучае рэальнае з фантастычным, трагічнае са смешным, наўмысна перабольшвае ці змяншае з'явы рэчаіснасці.
   Гратэскам карысталіся ў сатырычных творах Франсуа Рабле ("Гарганцюа і Пантагруэль"), Джонатан Свіфт ("Падарожжы Гулівера"), М. Гогаль ("Нос"), М. Салтыкоў-Шчадрын ("Гісторыя аднаго горада"), У. Маякоўскі ("Празасяданыя"), у беларускай літаратуры - Фелікс Тапчэўскі ("Панскае ігрышча"), Янка Купала ("Тутэйшыя"), Андрэй Мрый ("Запіскі Самсона Самасуя"), Кандрат Крапіва ("Хвядос - Чырвоны нос"), А. Александровіч ("Цені на сонцы"), Андрэй Макаёнак ("Трыбунал", "Зацюканы апостал") і інш.
   Прыгадаем гратэскную самахарактарыстыку станавога прыстава Кручкова з фарса-вадэвіля Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча "Пінская шляхта": "Следство кончано, цяпер будзе суд, а наўперад: по указу всемилостивейшей государыни Елисаветы Петровны 49-го апреля 1893 года и всемилостивейшей Екатерины Великой от 23-го сентября 1903 года, а равномерно в смысле Статута литовского раздела 8-го, параграфа 193-го, коим назначается в пользу суда от тяжущихся гривны. Обжалованный Протосовицкий имеет зараз же уплотить пошлины 20, прогонных 16 и на концелярию 10 рублёв. Жалующийся Липский в половине того, сведкі, каторыя бачылі драку, а не баранілі - по 9 рублёв, а вся прочая шляхта, што не бачылі дракі, за тое, што не бачылі, — па 3 рублі. Плаціце!" Рэальнае тут - у імітацыі справавога стылю (судовай пастановы), ва ўказанні на прозвішчы сапраўдных імператрыц Расійскай імперыі, у назвах месяцаў, дакументаў (указы, Статут Вялікага княства Літоўскага)... Нерэальнае, фантастычнае (а адсюль - і смешнае) - у немагчымасці існавання ўказаў Елізаветы Пятроўны ў 1893 годзе, а Екацярыны Вялікай у 1903 годзе (яны ў гэты час не жылі), тым больш такіх, па якіх караюцца нават тыя, "што не бачылі дракі", у неіснаванні "49-е апреля", "раздела 8-го, параграфа 193-го" Статута ВКЛ (законы ў раздзелах Статута разбіты не на параграфы, а на артыкулы, але і такога вялікага па ліку артыкула ні ў адным з раздзелаў не існавала), у самой макаранічнай мове (змяшэнні рускіх і беларускіх слоў і выразаў), чаго не дапускае юрыдычны дакумент...
   А вось як з дапамогай гратэску у час вайны маляваў Якуб Колас фашысцкага салдата (верш "Фашысцкаму звяр'ю"):


Звяруга лахматы, наставіўшы хіб,
З фашысцкае выбег трушчобы,
І голас у звера з шаленства ахрып,
Запенены губы ад злобы.


   Гратэск трэба адрозніваць ад гіпербалы і алегорыі.