Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Градацыя

   Градацыя (ад лац. gradatio — паступовае павышэнне, узмацненне) — стылістычная фігура, якая заключаецца ў тым, што ў вершаваных радках групуюцца словы ці выразы з нарастаннем (клімакс) або, наадварот, аслабленнем (антыклімакс) іх эмацыянальна-сэнсавай выразнасці.
   Градацыя узмацняе экспрэсію выказвання, узвышае яго тон. Напрыклад:

 

Ты — наш сцяг, што нікому, нікому на свеце, нікому
Не дамо абсмяяць, апаганіць, забыць ці мячом зваяваць.


   У гэтых радках з «Беларускай песні» Уладзіміра Караткевіча ўжываецца паступовы пераход з’явы ад яе ніжэйшай ступені да вышэйшай — клімакс.
   А вось другі від градацыі — антыклімакс, да якога звяртаецца паэт у «Баладзе аб трыццаць першым сярэбраніку»:

 

Той дынар быў шчаслівай манетай. І хцівец смярдзючы
З дапамогай яго аграбаў сабе золата, срэбра і медзь.


   Выяўленчая моц градацыі асабліва ўзрастае тады, калі адначасова ўжываюцца якія-небудзь паўторы:

 

Мы — не з гіпсу, мы — з камення,
Мы — з жалеза, мы — са сталі,
Нас кавалі у пламенні,
Каб мацнейшымі мы сталі.
(Цётка. «Вера беларуса»)


   Часам градацыя кладзецца ў кампазіцыйную аснову ўсяго твора. Так, у першай палове шасцістрофнага верша Максіма Танка «Калі мне сказалі» — градацыя нарастаючая (клімакс), у другой палове — спадаючая (антыклімакс).