Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Віланэль

   Віланэля (віланэль) (італ. vіllanella, ад лац. vіllanus — сялянскі, вясковы), — лірычны верш, які складаецца звычайна з шасці тэрцэтаў, цесна звязаных паўтарэннем асобных радкоў і скразной рыфмай. Сярэднія радкі ўсіх трохрадкоўяў віланэлі рыфмуюцца паміж сабой. Пачатковы і заключны радкі першага трохрадкоўя (дарэчы, таксама звязаныя рыфмай) папераменна паўтараюцца ва ўсіх наступных тэрцэтах (на месцы трэцяга радка). Завяршае віланэль трэці радок першага тэрцэта.
   Узнік гэты верш у XV ст. у італьянскай народнай паэзіі, затым пашырыўся ў Францыі, з XІX ст. — у Англіі і некаторых іншых краінах. Прыклад віланэлі ў рускай паэзіі пакінуў В. Брусаў («Всё это было сон мгновенный»).
   Першую беларускую віланэль напісаў Міхась Кавыль («Вілянэль», 1957). Удалая віланэль належыць Рыгору Крушыну («Віланэля» — у зборніку «Сны і мары», 1975):

Цёплы спеў віяланчэлі,
Струнаў ціхі перазвон...
Ласкі-пешчы загучэлі.


Вобраз твой — у акварэлі.
Перадаў мне патэфон
Цёплы спеў віяланчэлі.


Гукі ў стройнасці мякчэлі,
Віўся з альтам барытон —
Ласкі-пешчы загучэлі.


Мае вочы заблішчэлі,
Як пачуў я дзіўны звон,
Цёплы спеў віяланчэлі.


А ў душы маёй ярчэлі
І валошка, і рамон.
Ласкі-пешчы загучэлі.


Можа, у гэтай віланэлі
Звяжа нас з табою кон —
Цёплы спеў віяланчэлі.


Ласкі-пешчы загучэлі.


   Ужо ў наш час віланэль напісалі С. Панізнік («Дзень развітання»), С. Кавалёў («Віланела»), Эдуард АкулінВіланэль») і інш.