Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Вясельныя песні

   Вясельныя песні — жанравая разнавіднасць сямейна-абрадавай лірыкі (гл.: абрадавая паэзія); народныя песні, якія выконваюцца ў час багатага і працяглага беларускага вясельнага абраду: заручын, замовін, пячэння караваю, ад’езду маладога да маладой, апранання маладой, вянчання, вясельнага застолля ў маладой і ў маладога, пярэзваў. Вясельныя песні адрасуюцца да самых розных удзельнікаў вясельнага ігрышча (маладой, маладога, іх бацькоў, сваякоў, дружкоў і інш.). У іх у гіпербалізаванай форме паказваюцца духоўныя якасці і матэрыяльны дастатак маладых, выказваюцца пажаданні шчаслівага, заможнага жыцця, гучыць жаль маладой па родным доме, па радні, якую ёй патрэбна назаўсёды пакінуць. Сямейна-бытавыя і сацыяльна-грамадскія ўзаемаадносіны, каханне, здрада, разлука, радасць, гора, весялосць, туга, гумар, тонкі лірызм — гэта і многае іншае знайшло ўвасабленне ў беларускіх вясельных песнях
   Беларускія вясельныя песні — адны з самых мілагучных, прыгожых, мастацка дасканалых і шматлікіх у славянскім свеце. У выдавецкай серыі «Беларуская народная творчасць» яны, без апісання вясельнага абраду і мелодый (а гэтаму прысвечаны два асобныя тамы), займаюць шэсць вялікіх тамоў («Вяселле: Песні». 1980-1988. Кн. 1-6).
   Вось дзве тыповыя вясельныя песні, адна лірычна-тужлівая, другая жартоўная:

 

Стукнула, грукнула на дварэ.
— Ой, паглядзі, мамачка, ці не па мяне?
— Па цябе, дачушачка, па цябе.
— Схавай мяне, мамачка, за сябе!
— Не буду, дачушачка, хаваці,
Трэба цябе сёлета аддаці.
Та-ра-ра калёсачкі, та-ра-ра,
Ой, павезлі Манечку са двара.


* * *

Прыйшоў на вяселле наш сваток,
Павязаўшы крыжам ручнічок.
А казалі, сват вельмі харош,
Аж у свата доўгі буслаў нос.
А у свата лыса галава
Ды казліна рыжа барада.
Плавае па хаце, як таран,
Лыпае вачыма, як баран.
Калі, сват, гарэлкі не дасі,
Караваю трасцу ты з’ясі!