Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Вянок санетаў

   Вянок санетаў — вершаваны твор з пятнаццаці санетаў. Своеасаблівасць яго ў тым, што паўтарэннем асобных радкоў усе чатырнаццаць санетаў звязаны паміж сабой, а таксама з магістралам — пятнаццатым, заключным санетам, які складаецца з першых радкоў папярэдніх санетаў. Кожны наступны санет пачынаецца радком, якім заканчваецца папярэдні. Чатырнаццаты санет завяршаецца радком, якім пачынаецца першы. Гэты ж радок пачынае і магістрал. Такім чынам ствараецца арыгінальнае архітэктанічнае кальцо.
   Вянок санетаў — складаная вершаваная форма, якая патрабуе глыбокай, своеасабліва выяўленай вобразнай думкі, дасканалай мастацкай формы. Слабыя ж, анемічныя радкі вянка санетаў у выніку іх шматразовага паўтарэння назойліва кідаюцца ў вочы, зніжаючы вартасць усяго твора.
   Узнік вянок санетаў у Італіі ў XІІІ ст., затым перавандраваў у іншыя літаратуры. У Расіі першы вянок санетаў (перакладны) з’явіўся ў 1889 г. Арыгінальныя вянкі санетаў стварылі Вяч. Іванаў, В. Брусаў, М. Валошын, І. Сяльвінскі, С. Кірсанаў, М. Дудзін і іншыя рускія паэты. Пэўнае пашырэнне вянок санетаў набыў на Украіне (В. Бабынскі, М. Вінаграноўскі, Г. Крыўда, Б. Нячэрда і інш.).
   Першыя беларускія вянкі санетаў напісалі Міхась Кавыль («Цяжкія думы», 1956; «Чорны мёд», 1958), Алесь Салавей («Вянок санетаў», 1958) і Ніл Гілевіч («Нарач», 1967). Затым да гэтай вершаванай формы звярнуліся Хв. Жычка («Абеліск»), А. Сербантовіч («Васілёк», «Курганы», «Салдат»), Алесь Звонак («Праўдзе веку»), П. Сушко («Поле»), У. Дзюба («Выток»), Янка СіпакоўЖанчына»), Т. Бондар («Шляхі»), Я. Крупенька («Вянок братэрства»), Пятрусь Макаль («Ворыва») В. Аколава («Аршанскі прарок Караткевіч») і інш. З. Марозаў напісаў звыш дзесяці вянкоў санетаў («Сад», «Наканаванне», «Таемнасць», «Вянок Беларусі» і інш.). С. Шах надрукавала так званы безгаловы, усечаны вянок санетаў «Ноч» (1999). У ім 8 паўсанетаў, пачынаецца ён з аднаго тэрцэта, які выконвае ролю эпіграфа. У 2003 г. паэтэса выдала зборнік з 15 вянкоў санетаў «На ўсё дабро ў адказ». Большасць вянкоў санетаў у ім напісана традыцыйным Я4, некаторыя — Д4 («Зорнасць», «Хатка», «Вёсачкі», «Вера») і нават Ан4 («Песня»).
   Уяўленне пра вянок санетаў можа даць урывак з вершаванага твора А. Сербантовіча «Курганы»:


1

У курганоў ёсць нешта ад званоў,
З якіх павырывалі языкі,
Але іх звон прарэзлівы такі,
Што я вачэй якую ноч не звёў.

Падняўся і пайшоў я напрамкі,
Затым пабег туды я стрымгалоў,
Дзе ў сорак першым клекатала кроў
І дзе — чатырохгранныя штыкі.

Пражэктары струменілі святло,
Былое ў іх праменнях ажыло,
І твар у твар нас лёс раптоўна звёў.

Здалося, што дзіцячыя гады
Звіняць, як падгалоскі курганоў —
Званоў жалобы і званоў бяды.

 

2

Званоў жалобы і званоў бяды,
Што распляскалі чэрвеньскі настой.
І, ўзмахваючы вогненным хвастом,
Уздрыгвалі, як рыбы, гарады.

Пайшоў баец, высокі і худы,
Рудая сажа ў некалькі пластоў
Засыпала сляды каля кустоў
І твар яго бязвусы, малады.

Не коннік ён — не будзе конь іржаць,
Не вырасце з нацельнага крыжа
Магільны крыж, каб лёс вянчаць цяжкі.

Бо крыж ён не насіў . А знакам праваты
З зямлі праб’юцца некалі штыкі.
Яны гудуць цяжэй, чым правады.

 

3

Яны гудуць цяжэй, чым правады.
Яны гараць на ўсе чатыры грані,
Каб тут спыніць, а часам і параніць,
Ці ты сюды ішоў, ці не сюды.

Знімаюць шапкі зводдаля дзяды
Перад вялікай шапкаю баранняй,
Якую да галоў марозным раннем
Навечна прыпаялі халады.

Пагасіць неба ясную зару,
Штыкі тады ўзрываюцца ўгару
Ракетамі да месяца і зорак.

І ценямі касмічных караблёў
Вяртаюцца уранні на узгорак
І аб усім напамінаюць зноў.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

14

Сваіх дзядоў і прадзедаў унукі,
І ўнукаў вольных вольныя сыны —
Равеснікі апошняе вайны —
Цяпер звяраюць сэрцаў перастукі.

Адна ў іх радасць і адны ў іх думкі.
Адны ім сняцца векавыя сны.
На рост уперад падалі яны
Па правілах ваеннае навукі.

Над курганамі птушкі ладзяць спеў,
Над курганамі голле дужых дрэў
Гайдаецца, нібыта б’е у звон.

Яны звіняць і летам і зімой,
Звіняць трывогай векапомных дзён —
У курганоў ёсць нешта ад званоў.

 

15

У курганоў ёсць нешта ад званоў,
Званоў жалобы і званоў бяды.
Яны гудуць цяжэй, чым правады,
І аб усім напамінаюць зноў.

Наколькі помню — ўсе мае гады —
Тых, хто згубіў унукаў і сыноў,
Прыводзілі да вечных курганоў
Зарой пафарбаваныя сляды.

Акамянеў нарэзаны дзірван.
Апошняе прыстанішча — курган
Купаецца у сонечнай расе.

Яго браты стаяць, як віядукі,
Дзе ў цішыні сабраліся усе —
Сваіх дзядоў і прадзедаў унукі.

Похожие статьи:

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Санет (Замёрзла ноччу шпаркая крыніца...)

ССанет

Уладзімір ЖылкаУладзімір Жылка - Меч

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Санет (Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...)

Янка КупалаЯнка Купала - Для зямлі прадзедаў маіх...