Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Выдавецтва

   Выдавецтва - установа, якая займаецца падрыхтоўкай да друку асобных і перыядычных выданняў.
   У выдавецтве працуюць кваліфікаваныя спецыялісты, што праводзяць, у прыватнасці, рэдагаванне прапанаваных да друку матэрыялаў (літаратурная і граматычная праўка рукапісаў, падрыхтоўка іх да здачы ў набор) і карэктуру (вычытка рукапісных і наборных тэкстаў, выпраўленне памылак).
   Першыя беларускія нацыянальныя выдавецтвы ўзніклі пасля рэвалюцыі 1905-1907 гг. — "Загляне сонца і ў наша ваконца" (Пецярбург, 1906-1914), В. А. Грыневіча (Пецярбург, 1910-1914), выдавецтва газеты "Наша ніва" (Вільня, 1906-1915), "Мінчук" (1906-1907), "Лучынка" (Мінск, 1914) і інш. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ўсе выдавецтвы сталі дзяржаўнай уласнасцю. У 1921 г. створана Дзяржаўнае выдавецтва БССР, якое на доўгія гады манапалізавала выданне беларускай мастацкай і літаратуразнаўчай кнігі.
   Сёння на Беларусі працуе шмат выдавецтваў, каля 10 буйных дзяржаўных і некалькі соцень прыватных і кааператыўных. Беларускую арыгінальную і перакладную літаратуру і літаратурную крытыку выпускае выдавецтва "Мастацкая літаратура" (з 1972). Кнігі па літаратуразнаўству, падручнікі па мове і літаратуры, а зрэдку і мастацкія кнігі выдаюць "Народная асвета", "Вышэйшая школа", "Беларуская навука", "Беларуская энцыклапедыя", некаторыя прыватныя выдавецтвы.