Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Бібліяграфія

   Бібліяграфія (ад гр. biblia - кнігі і grapho - пішу) - дапаможная галіна літаратуразнаўства, якая займаецца рэгістрацыяй, апісаннем (паводле пэўных правіл) і прапагандай у пэўным грамадскім асяроддзі літаратурных твораў і літаратуразнаўчых прац.
   Беларуская літаратурная бібліяграфія можа пахваліцца немалой колькасцю каштоўных бібліяграфічных паказальнікаў. Поўная інфармацыя пра сучасныя публікацыі па беларускай літаратуры змяшчаецца на старонках штомесячніка "Летапіс друку Беларусі" і бібліяграфічнага бюлетэня "Новыя кнігі Беларусі". Выдадзены шматлікія тэматычныя і персанальныя бібліяграфіі, такія, напрыклад, як укладзеныя Н. Ватацы паказальнікі "Мастацкая літаратура Савецкай Беларусі"(ч. 1. 1917-1960; ч. 2. 1961-1968) (1962, 1971), "Беларускае літаратуразнаўства і крытыка 1945-1963" (1964), "Беларуская савецкая драматургія 1917-1965" (1967), "Максім Багдановіч: Паказальнік выданняў, аўтографаў і крытычнай літаратуры" (1977) і інш. Значную каштоўнасць маюць бібліяграфіі па творчасці Францыска Скарыны, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Івана Мележа і некаторых іншых беларускіх пісьменнікаў, а таксама зводны каталог "Кніга Беларусі, 1517-1917" (1986), паказальнік "Беларуская этнаграфія і фалькларыстыка" М. Грынблата (1972), "Методыка беларускай літаратуры 1906-1971" І. Зяневіча (1977) і інш.

   Адным з відаў бібліяграфіі з'яўляюцца біябібліяграфічныя даведнікі, у якіх інфармацыя пра друкаваныя творы спалучаецца з біяграфічнымі звесткамі аб іх аўтарах. Такім універсальным даведнікам з'яўляецца шасцітомны біябібліяграфічны слоўнік "Беларускія пісьменнікі", выдадзены пад рэдакцыяй прафесара А. Мальдзіса ў 1992-1995 гг.