Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Біблія

   Біблія (ад гр. biblia - кнігі) — кананізаваны царквою ў якасці Святога пісання збор тэкстаў старажытнаяўрэйскай і раннехрысціянскай літаратуры.
   Біблія дзеліцца на Стары запавет, што прызнаецца іудзеямі і хрысціянамі, і Новы запавет, што прызнаецца толькі хрысціянамі.
   Стары запавет уключае помнікі старажытнаяўрэйскай літаратуры (ХІІ-ІІ ст. да нашай эры) на іўрыце і часткова на арамейскай мовах, дзеліцца на тры вялікія цыклы:
   1. "Закон" (па-яўрэйску Тора), або "Пяцікніжжа", што прыпісваецца прароку Майсею;
   2. "Прарокі" - старажытныя хронікі ("Кніга Ісуса Навіна", "Кніга Суддзяў", чатыры "Кнігі царстваў") і творы народных прапаведнікаў ст. да н. э. ;
   3. "Пісанні" або "Агіёграфы" — збор тэкстаў розных празаічных і паэтычных жанраў (духоўная лірыка, апрацаваныя пэўным чынам вясельныя песні, афарыстыка і інш.).
   Новы запавет складаецца з помнікаў раннехрысціянскай літаратуры (2-я палавіна I ст. - пачатак II ст.), напісаных у асноўным на старажытнагрэчаскай мове. Уключае чатыры Евангеллі (ад Мацвея, Марка, Лукі і Яна), Дзеі апосталаў, 21 пасланне (павучанні ў эпісталярнай форме, што прыпісваюцца апосталам Паўлу, Пятру, Яну, Якаву, Юдзе) і, нарэшце, Адкрыццё Яна Багаслова, або Апакаліпсіс — прароцтвы пра канец свету.
   Безумоўна, біблія служыла і служыць найперш рэлігійным мэтам. Аднак увасобленыя ў ёй шматвяковы духоўны вопыт чалавека, этычныя і эстэтычныя каштоўнасці, звесткі з розных галін ведаў дапамагалі і дапамагаюць развіццю цывілізацыі, культуры, у тым ліку мастацтва, мастацкай літаратуры. Без ведання бібіліі, асобных яе сюжэтаў, матываў, вобразаў цяжка, а то і немагчыма глыбока спасцігнуць ідэйна-мастацкую сутнасць літаратуры, у тым ліку беларускай. Перакладзеная на нацыянальныя мовы і ўведзеная ў працэс еўрапейскай богаслужбы, бібілія паспрыяла нацыянальнаму самаўсведамленню многіх народаў, станаўленню іх дзяржаўнасці і дзяржаўнай незалежнасці, развіццю нацыянальных моў і культур. Упершыню на славянскую (старабалгарскую) мову асобныя кнігі бібліі пераклалі ў ІХ ст. святары Кірыла і Мяфодзій. Удалыя спробы перакласці біблію на беларускую мову рабіліся яшчэ ў ХV стагоддзі іудзеямі. Сапраўды тытанічную працу ў гэтым кірунку ажыццявіў вялікі беларускі асветнік-гуманіст Францыск Скарына, які ў 1517-1519 гг. пераклаў і выдаў у Празе 23 кнігі бібліі (ёсць звесткі, што быў зроблены пераклад усёй бібліі). Гэта было трэцяе ў славянскім свеце (пасля балгарскага і чэшскага) выданне бібліі, ажыццёўленае яшчэ да вядомага перакладу бібліі на нямецкую мову Марціна Лютэра. У 70-х гг. XVI ст. Васіль Цяпінскі пераклаў на беларускую мову і часткова надрукаваў у Цяпіне (каля Лепеля) Евангелле. У 1572 г. Сымон Будны выдаў у Нясвіжы свой польскамоўны пераклад бібліі, зрабіўшы пры гэтым першы ва ўсёй Цэнтральна-Усходняй Еўропе яе філалагічны аналіз.
   Тэкст бібліі ў розных мэтах шырока выкарыстоўвалі беларускія асветнікі Ефрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі, беларускія пісьменнікі-палемісты ХVІ-ХVII ст. (Л. і С. Зізаніі, Мялецій Сматрыцкі, Л. Карповіч, Афанасій Філіповіч і інш.), Сімяон Полацкі, аўтары школьных драм і ананімных сатырычна-парадыйных твораў ХVIII-ХIX ст., пісьменнікі ХХ ст. Максім Багдановіч ("Апокрыф"), К. Сваяк (духоўныя вершы), Уладзімір Жылка ("Марта"), Кандрат Крапіва ("Біблія"), Уладзімір Караткевіч ("Хрыстос прызямліўся ў Гародні") і інш. У ХХ ст. рабіліся неаднаразовыя спробы перакласці з арыгінала на сучасную беларускую мову розныя кнігі бібліі. Найбольш вядомыя з іх "Новы запавет і псальмы" ў перастварэнні Антона Луцкевіча (Гельсінгфорс, 1931; Лондан, 1948; Стакгольм, 1991), "Новы закон" (Нью-Ёрк, 1970) і "Сьвятая Біблія" (Нью-Ёрк, 1973) ва ўзнаўленні Я. Станкевіча, "Новы запавет" (Мінск, 1999) у перакладзе У. Чарняўскага, "Новы запавет. Псалтыр" (Мінск, 1995) і "Біблія" (ЗША, 2002) у перакладзе В. Сёмухі, "Свяшчэннае Евангелле" (Мінск, 2007) у перакладзе Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыБіблія