Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Букалічная паэзія

   Букалічная паэзія, або буколіка (ад грэч. boukolos — пастух), — жанр антычнай паэзіі, якая апявала жыццё вясковых жыхароў (пастухоў, рыбакоў, аратых), паказваючы яго вольным, бестурботным.
   Пачынальнікам букалічнай паэзіі з’яўляецца старажытнагрэчаскі паэт Феакрыт (ІІІ ст. да н. э.).
   У сваіх асобных жанравых разнавіднасцях — ідылія, эклога, пастараль — букалічная паэзія развівалася ў многіх народаў Еўропы. Для букалічных твораў характэрна залішняя ідэалізацыя вясковага жыцця, супрацьпастаўленне вёскі гораду, паказ добрых, задаволеных усім людзей, для якіх найбольшае гора — адсутнасць узаемнасці ў каханні. Гэтая ідэалізацыя жыцця народа ў букалічнай паэзіі урэшце прывяла да адмірання самога жанру. Сёння слова буколіка азначае ціхамірную заспакоенасць чалавека, злітнасць яго з прыродай, шчаслівае каханне на фоне гэтай прыроды.
   Менавіта так успрымаецца назва верша Янкі Сіпакова «Амаль буколіка»:

 

Я зноў, каханая, з табою.
Мы ў красках вязнем лугавых —
Не бачым неба над сабою,
Не чуем пад сабой травы.

Турбуе нас адзіны клопат,
Адзіны клопат нас вядзе.
І мы ідзём, прыроды вопыт,
Абняўшыся, як ноч і дзень...