Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Аповесць

   Аповесць - апавядальны мастацкі твор, у якім з дапамогаю шэрагу эпізодаў, больш ці менш разгорнутых апісанняў выяўляецца сутнасць нейкай падзеі, абмалёўваецца станаўленне характару адной ці некалькі дзейных асобаў у іх развіцці.
   Як від эпічнага роду літаратуры аповесць знаходзіцца між раманам і апавяданнем. Ад рамана адрозніваецца наяўнасцю адной сюжэтнай лініі, а ў выніку гэтага - і меншым ахопам жыццёвых падзей, сітуацый, меншай колькасцю дзейных асобаў, меншым аб'ёмам. У той жа час у параўнанні з апавяданнем аповесць мае больш разгорнуты сюжэт, шырэйшы ахоп падзей, звязаных з жыццём галоўнага персанажа (персанажаў), характар якога (якіх) раскрываецца шматгранна, у розных эпізодах, у эвалюцыі. Карыстаецца пераважна празаічнай формай выкладу, але звяртаецца часам і да верша.
   Аповесць вершаваная паядноўвае некаторыя асаблівасці сярэдняга віду эпічнай прозы (устаноўка на апавядальнасць, падзейнасць, наяўнасць адной сюжэтнай лініі) і паэмы (шматлікія лірычныя адступленні, прысутнасць вобраза лірычнага героя, павышаная эмацыянальнасць). Аповесцямі назваў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч свае творы "Гапон", "Вечарніцы", "Купала" і "Шчароўскія дажынкі". Вершаваная хроніка Аркадзя Куляшова "Грозная пушча" складаецца, згодна аўтарскага вызначэння, з дзвюх аповесцяў - "Стрэчны агонь" і "Грозная пушча". Вершаваную "Аповесць пра залатое дно" напісаў А. Зарыцкі. Праўда, тэрмін гэты даволі ўмоўны. Часам нельга правесці выразную мяжу паміж паэмай і вершаванай аповесцю (напрыклад, як паэмы ўспрымаюцца "пецярбургская аповесць" А. Пушкіна "Медны коннік" ці "усходнія аповесці" М. Лермантава "Дэман" і "Ізмаіл-бей").
   Генетычна сучасная аповесць звязана з жанрамі старажытнарускай (агульнаўсходнеславянскай) і старабеларускай аповесцю, да якіх адносяцца апавядальныя творы розных тыпаў - летапісныя ("Аповесць мінулых гадоў', "Хроніка Быхаўца"), воінскія ("Слова пра паход Ігаравы", "Мамаева пабоішча"), агіяграфічныя ("Жыціе Ефрасінні Полацкай", "Жыціе Аўрамія Смаленскага"), сацыяльна-палітычныя ("Аповесць пра Скандэрбега", "Аповесць пра Падолле"), сацыяльна - бытавыя ("Аповесць пра Баву", "Аповесць пра Жыгімонта і Барбару Радзівіл") і інш. Для ўсіх іх характэрны падзейнасць, хранікальнасць, апісальнасць. Па сутнасці, аповесцямі з'яўляюцца і беларускія сярэдневяковыя перакладныя рыцарскія раманы - "Александрыя", "Аповесць пра Трышчана", "Аповесць пра Таўдала" і інш.
   Новая беларуская літаратурная аповесць (празаічная) з'явілася толькі на пачатку ХХ ст. ("Бацькава воля" Цішкі Гартнага, "Антон" Максіма Гарэцкага). Сваё развіццё яна атрымала ў творчасці Якуба Коласа (трылогія "На ростанях"), Кузьмы Чорнага ("Лявон Бушмар", "Люба Лук'янская"), А. Кулакоўскага ("Дабрасельцы"), Янкі Брыля ("Апошняя сустрэча", "Ніжнія Байдуны"), А. Карпюка ("Данута"), Васіля Быкава ("Сотнікаў", "Абеліск", "Аблава"), Алеся Адамовіча ("Хатынская аповесць"), Івана Пташнікава ("Лонва", "Найдорф") і інш.
   Беларуская аповесць мае свае дасягненні ў розных жанрах: сацыяльна-бытавым і сацыяльна-палітычным (Максім Гарэцкі, Іван Мележ, Іван Шамякін, А. Асіпенка, Алена Васілевіч, Анатоль Кудравец, Івана Навуменка), прыгодніцкім (Міхась Лынькоў, Янка Маўр, І. Сяркоў), гістарычным (Уладзімір Караткевіч, У. Арлоў, Генрых Далідовіч), маральна-псіхалагічным (Віктар Казько, Алесь Жук, Янка Сіпакоў, У. Паўлаў), сатырычным (Р. Семашкевіч), фантастычным (Вацлаў Ластоўскі, У. Шыцік), дэтэктыўным (У. Караткевіч), мастацка-дакументальным (Францішак Аляхновіч, Ларыса Геніюш) і інш.