Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Антытэза

   Антытэза (ад гр. antithesis - супрацьпастаўленне) - стылістычны прыём. заснаваны на супрацьпастаўленні процілеглых з'яў, прадметаў, характараў, пачуццяў, ідэй, вобразаў і г. д. Ужываецца вельмі часта ў народнай творчасці, мастацкай літаратуры, публіцыстыцы. Можа быць у аснове невялікага верша ("Асадзі назад" Якуба Коласа, "Ружа і штык" Васіля Віткі, "...Парушыўшы зямное прыцягненне" Аркадзя Куляшова) і вялікага мастацкага твора, выяўляючыся нават у назве яго (эпапея "Вайна і мір" Льва Талстога, раман "Свае і чужынцы" Івана Чыгрынава, аповесці "Гандлярка і паэт", "Агонь і снег" Івана Шамякіна). Асабліва часта антытэза сустракаецца ў паэзіі. У прыватнасці, яна дапамагла Францішку Багушэвічу выявіць рэзкія сацыяльныя кантрасты рэчаіснасці (верш "Бог не роўна дзеле"):

 

Чым то дзеіцца на свеце,
Што не роўна дзеле бог?
Адзін ходзе у саеце,
У золаце з плеч да ног,
А другому каб прыкрыцца
Хоць анучай - велькі труд;
Весь, як рэшата, свіціцца,
Адны латы. адзін бруд!

 

   На антытэзе, у прыватнасці, заснаваны верш Янкі Купалы «Паэта і цэнзар». Антытэза ляжыць у аснове ўсяго верша Эдуарда Акуліна «...Нашу я ў сэрцы двух анёлаў»:

Нашу я ў сэрцы двух анёлаў:
анёла цемры і святла.
Адзін чароўны мае голас.
Другі гырчыць, як ваўкалак.
Адзін кахае да знямогі...
Другі — нянавісцю гарыць.
Адзін заве ў сябрыну Бога.
Другі — Люцыпару служыць.
Адзін ахоўвае ад звадак
і чорных дум у галаве.
Другі — прывабіць хоча здрадай,
душу маю на часткі рве.
Нашу я ў сэрцы двух анёлаў...
Якому з іх перамагчы?
Дрыжыць пялёстак свечкі квола
на донцы восеньскай начы.