Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Ампліфікацыя

   Ампліфікацыя (ад лац. amplificatio — збольшанне, пашырэнне), або накапленне, — стылістычны прыём, сутнасць якога — у нагнятанні аднатыпных слоў ці моўных канструкцый (эпітэтаў, параўнанняў, сінонімаў, злучнікаў, аднародных членаў сказа і г. д.).
   Вельмі дарэчы ампліфікацыя (нагнятанне эпітэтаў, параўнанняў) выкарыстана ў вершы Дануты Бічэль-Загнетавай «Роднае слова»:

 

Я чула пяшчотнае, шчырасці поўнае,
Маё беларускае, роднае, кроўнае,
Такое раптоўнае, такое чароўнае,
Такое ласкавае, цёплае, чыстае,
Як сонца, агністае,
Як Нёман, празрыстае,
Як казка, быліна, як песня, жаданае,
Дагэтуль яшчэ ў жыцці неспазнанае,
Гарачае слова ад шчырага сэрца!


   Да ампліфікацыі звярнуўся і Алег Лойка ў паэме «Лясная песня». Тут асобныя вымоўныя прозвішчы і тапанімічныя назвы, якія «накапліваюцца» ў вершаваных радках, дапамагаюць стварыць непаўторны вобраз ляснога краю — Беларусі:

 

Там край лясны і людзі там лясныя:
Сасноўскія, Каліны, Лазнявыя,
Паддубскія, Дуброўскія, Дубягі,
Альхоўскія, Альшэўскія, Карагі;
І гарады лясныя там, і вёскі:
Залессі, Берастовіцы, Бярозкі,
Бярэзніцы, Дубровы, Дзераўныя,
Бары Святыя, Добрыя, Старыя;
І рэкі там лясныя: Дзеравянкі,
Бярозы, Лані, Бераставічанкі;
Дарогі там лясныя і азёры,
І знічкамі на лес спадаюць зоры...


   Адным з відаў ампліфікацыі з’яўляецца анафара, калі яна праходзіць праз усе ці значную частку вершаваных радкоў:

 

Ты ж мая адзіная,
Ты ж мая ніўная,
Ты ж мая радзінная,
Ты ж мая жніўная,
Ты ж мая вясельная,
Ты ж мая вясенняя,
Ты ж мая нязваная,
Ты ж мая нязнаная,
Да грудзей прытуленая —
Матуліна...
(Генадзь Бураўкін. «Вяртанне песні»)