Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Аднастрофны верш

   Аднастрофны верш — верш, які не падзелены на асобныя строфы і ўяўляе сабой адно інтанацыйна-сінтаксічнае і сэнсавае цэлае. Уключае звычайна ад двух да васьмі вершарадоў (у большых па аб’ёму творах, як правіла, вылучаюцца меншыя страфічныя адзінкі).
   Да аднастрофнага верша можна аднесці таксама санет класічнага тыпу, у якім не толькі тэрцэты, але і катрэны звязаны паміж сабой аднолькавымі рыфмамі.
   Вось прыклады аднастрофных вершаў, якія змяшчаюць адпаведна ад двух да васьмі радкоў:

 

Слічна Галя Васілёва, слічна ды прыгожа:
Вочкі ясны, сама красна, як поўная рожа...
(Максім Багдановіч)

Раўнавага ці роспач?
Спакой ці трывога?
Завяршаецца год, быццам час
завяршаецца.
(Алесь Разанаў)

Глуха свіснуў камень прыдарожны.
Самалёты важка прагулі...
Асцярожна, людзі, асцярожна
З тым, што сёння можна на зямлі!
(А. Сербантовіч)

Некалі суцішалі жазлом неспакойныя хвалі,
Але чым мне суцішыць у сэрцы тугу?
Ерыхонскія сцены ад трубаў грымучых упалі.
А я песняй разбурыць ніяк не магу
Сцен маўчання, якія цябе сцерагуць.
(Максім Танк)

Я — камень, кінуты ў раку.
Кругі расходзяцца, кругі
Усё шырэй, шырэй, здаецца.
Ды раптам зыркне бліскавіца,
І ўжо не вочы ўбачаць — сэрца:
Усё шчыльней, шчыльней кругі.
(Ніна Мацяш. «Памяці
Леаніда Якубовіча»)

У белым-белым ты ў закутак мой
Зайшла і ціхай госцяй пасядзела,
Здалася мне чаромхаю лясной;
Цяпер табою поўны ўвесь пакой,
Нібы й была чаромхаю ты белай...
І мроіцца мне родны кут лясны
І ты, як госця з даўняе вясны.
(А. Русецкі)

Мне спакой, як маленства, сніцца —
З бясконцым у сонцы гасцінцам:
Варочаюцца ледзь спіцы,
Пясок з абадоў бруіцца,
Быццам з адвечнага рога, —
Як гадзіннік пясчаны, дарога...
Пыл касмічны з-пад крылаў ракеты...
Маленства, дзе ты?..
(Алег Лойка)