Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Абразок

Абразок - малая празаічная форма. замалёўка з слабаразгорнутым сюжэтам або бессюжэтная. Літаратурны вобраз у абразку, у тым ліку і вобраз апавядальніка. ствараецца некалькімі скупымі штрыхамі-дэталямі. У абразку павялічваецца вобразна-экспрэсіўная нагрузка слова. вымагаецца адзінства выказвання і настраёвасці. Як асобны від эпасу ўзнік на хвалі ажыўлення рамантызму і стаў найбольш характэрны для беларускай літаратуры ў канцы ХІХ - пачатку ХХ ст. Тады вызначылася некалькі разнавіднасцяў абразку: рэалістычна-бытавы ("Выбар старшыні" Якуба Коласа, "Вёска" С. Палуяна), алегарычна-сімвалічны ("Прысяга над крывавымі разорамі" Цёткі, "Хрыстос уваскрос" С. Палуяна, "Музыка" Максіма Багдановіча), сатырычны ("Сведка" Францішка Багушэвіча, "Сабачча служба" Ядвігіна Ш.), лірычны ("Маці", "За тканінай" Змітрака Бядулі). Жанравая назва звязана з кнігай лірычных мініяцюр у прозе Змітрака Бядулі "Абразкі" (1913). амаль цалкам складзенай з твораў гэтага віду. Пачатак новага росквіту абразка - сярэдзіна 60-х гг. Часта звяртаецца да іх Янка Брыль (многія творы ў кнігах "Жменя сонечных промняў", 1965, "Вітраж", 1972, "Акраец хлеба", 1977). Для Ф. Янкоўскага абразок стаў асноўнай празаічнай формай ("Абразкі", 1975, "Прыпыніся на часіну", 1979). Абразкі ёсць у Міхася Стральцова, А. Карпюка, Барыса Сачанкі, У. Арлова і інш. У ідэйна-тэматычных адносінах сучасныя абразкі разнастайныя. Дзякуючы элементам лірыкі абразок здольны перадаваць шырокі дыяпазон назіранняў, пачуццяў, разваг, можа засноўвацца на ўражанні, рэмінісцэнцыі, асацыяцыі, роздуме і інш. У значэнні абразок часам ужываюцца тэрміны мініяцюра, эцюд, замалёўка.