Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Абрадавая паэзія

   Абрадавая паэзія — від вуснай народна-паэтычнай творчасці, звязаны з рознымі працоўнымі, святочнымі, сямейнымі абрадамі. Абрадавая паэзія беларускага фальклору — адна з найбагацейшых у славянскім свеце. Багацце і жывучасць яе абумоўліваецца і поліканфесійнасцю беларусаў, сярод якіх прыблізна палавіна прытрымліваецца праваслаўя і традыцыйныя святы святкуе па старым календары, а адна чвэрць — каталіцкага веравызнання, святы адзначае па новым стылі. Такое падвойнае святкаванне адных і тых жа святаў (Каляды, Вялікдзень, Купалле, Сёмуха і інш.) садзейнічае больш працягламу і актыўнаму функцыянаванню звязанай з імі абрадавай паэзіі. Традыцыйна абрадавая паэзія падзяляецца на каляндарна-абрадавую і сямейна-абрадавую. Да каляндарна-абрадавай паэзіі адносяцца найперш песні, якія суправаджаюць працоўную дзейнасць і святы земляроба на працягу гаспадарчага года. Яны складаюць 4 вялікія цыклы — зімовы, веснавы, летні і восеньскі, уключаюць звыш 20 песенных разнавіднасцяў. Так, да цыкла зімовых песень адносяцца калядкі, шчадроўкі, піліпаўскія і масленічныя, што выконваюцца на Каляды (з 24 снежня па 6 студзеня па новым стылі і з 6 па 19 студзеня па старым стылі), у Шчодры вечар (напярэдадні Новага года: 31 снежня па новым стылі і 13 студзеня па старым стылі), на Піліпаўку (з 28 лістапада па 6 студзеня), на Масленым, або Сырным тыдні (восьмы тыдзень перад Вялікаднем). Паэзіяй прасякнуты розныя вясковыя тэатралізаваныя відовішчы, што праводзяцца ў часе Каляд, у прыватнасці — "жаніцьба Цярэшкі": своеасаблівы жартоўны спектакль з песнямі і танцамі, з "бацькам" і "маці", якія падбіраюць і "сватаюць" маладыя пары. Вялікай разнастайнасцю вылучаюцца веснавыя песні, сярод якіх вяснянкі, валачобныя (яны ёсць толькі ў беларусаў), юраўскія, траецкія, куставыя, русальныя. Яны спяваюцца адпаведна пры абрадзе "гукання вясны" (канец лютага - пачатак сакавіка), у першы вечар каталіцкага і праваслаўнага Вялікадня, на Юр'я, калі выганялі жывёлу на пашу (23 красавіка па н. ст. і 6 мая па ст. ст.), на Тройцу, або Сёмуху (праз сем тыдняў пасля Вялікадня), у час абраду "ваджэння куста", на Русальным тыдні (наступны тыдзень пасля Сёмухі). Летнія песні складаюцца з купальскіх, пятроўскіх, касецкіх, жніўных. Самі назвы гавораць, у час якіх святаў ці якой працы яны выконваюцца: на Купалле (у ноч з 23 на 24 чэрвеня па н. ст. і з 6 на 7 ліпеня па ст. ст.), на Пятра (29 чэрвеня па н. ст. і 12 ліпеня па ст. ст.), у часе касьбы і жніва. Своеасаблівасцю беларускай абрадавай паэзіі з'яўляецца наяўнасць у ёй восеньскіх песень, якія спяваюць толькі жанчыны ў часе восеньскіх святаў (Пакровы, Багач, Дзяды) і попрадак. Да гэтых песень далучаюцца талочныя песні, што выконваюцца ў застоллі пасля калектыўнай бясплатнай узаемадапаможнай працы — талакі. Да сямейна-абрадавай паэзіі адносяцца творы, што суправаджаюць асноўныя этапы жыцця чалавека — нараджэнне, шлюб, смерць і выяўляюць народны ідэал сямейнага шчасця, своеасаблівую сялянскую філасофію жыцця. Радзінны абрад (адведкі, хрэсьбіны, кумаўство і г. д.) і радзінныя песні, якія выконваюцца падчас гэтага абраду. прызначаны забяспечыць шчаслівы лёс немаўляці, уславіць бацькоў (найперш маці), бабку-павітуху, кумоў, павесяліць прысутных. Асабліва багатыя ў беларусаў абрад вяселля і вясельныя песні, што суправаджаюць шматлікія моманты гэтага дасканалага народнага абраду. Абрад пахавання звычайна суправаджаўся імправізаванымі галашэннямі, у якіх у паэтычна-вобразнай форме, з выкарыстаннем інтанацыі плачу ўслаўляўся нябожчык, паказвалася яго жыццё, працоўная дзейнасць, побыт, раскрываліся яго лепшыя маральныя рысы. Абрадавая паэзія цесна звязана з пазаабрадавай паэзіяй, куды адносяцца прыказкі і прымаўкі, загадкі, замовы, выслоўі, балады, а таксама песні, што выконваюцца незалежна ад абраду і календара (хоць могуць суправаджаць і пэўны абрад). Да такіх песень адносяцца сямейна-бытавыя, лірычныя, любоўныя, жартоўныя, вайсковыя (у тым ліку рэкруцкія, казацкія, салдацкія, жаўнерскія), сацыяльна-бытавыя (у тым ліку антыпрыгонніцкія, прымацкія, батрацкія, парабкоўскія, бурлацкія, чумацкія), прыпеўкі. Абрадавая паэзія з найбольшай паўнатой прадстаўлена ў наступных тамах кнігазбору "Беларуская народная творчасць": "Радзінная паэзія" (1971), "Жніўныя песні" (1974), "Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі" (1975), "Веснавыя песні" (1979), "Вяселле: Песні" (кн. 1-6. 1980-1988), "Валачобныя песні" (1981), "Купальскія і пятроўскія песні" (1985), "Пахаванні, памінкі, галашэнні" (1986), "Паэзія беларускага земляробчага календара" (1992), "Жаніцьба Цярэшкі" (1993). Характар беларускага земляробчага календара выкладзены ў выданні "Земляробчы каляндар: Абрады і звычаі" (1990). Узоры пазаабрадавай паэзіі можна знайсці ў выданнях: "Песні савецкага часу" (1970), "Загадкі" (1972), "Жартоўныя песні" (1974), "Прыказкі і прымаўкі" (кн. 1-2. 1976), "Балады" (кн. 1-2. 1977-1978), "Песні пра каханне" (1978), "Выслоўі" (1979), "Сямейна-бытавыя песні" (1984), "Сацыяльна-бытавыя песні" (1987), "Прыпеўкі" (1989), "Замовы" (1992).