Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Хто ж аўтар «Слова пра паход Ігаравы»?

   «Слова пра паход Ігаравы» – помнік літаратуры Кіеўскай Русі XII стагоддзя. Ён прысвечаны апісанню няўдалага паходу наўгародскага князя Ігара на полаўцаў – стэпавых качэўнікаў. Сэнс твора – у закліку князёў да аб’яднання ўсіх сіл на барацьбу супраць ворагаў.
   Хто ж аўтар «Слова»? Над гэтым складаным пытаннем даследчыкі літаратуры, гісторыкі задумваюцца даўно, з самага пачатку, калі ўнікальны твор старажытнай літаратуры быў упершыню апублікаваны. Але прайшлі гады, дзесяцігоддзі, а пэўнага адказу пакуль ніхто так і не даў. Называліся розныя славутыя імёны прэтэндэнтаў на аўтарства «Слова пра паход Ігаравы». Часта прыводзіліся як быццам аргументаваныя, доказныя вывады. Аднак пры больш уважлівым вывучэнні пытання чарговая гіпотэза адхілялася, аспрэчвалася.
   Канкрэтнага адказу на гэта пытанне няма і па сённяшні дзень. Разам з тым даследчыкі ў многім наблізіліся да ісціны. I адбылося гэта пасля таго, як магчымым аўтарам «Слова» быў названы Кірыла Тураўскі. На першы погляд, версія вельмі нечаканая. Нечаканая ўжо таму, што аўтарства ўсіх найбольш значных твораў, напісаных вялікім тураўлянінам, сумненняў не выклікае. Няўжо «Слова пра паход Ігаравы» з’яўляецца выключэннем?
   У пэўнай ступені такое меркаванне лагічнае, мае свае доказы. Сапраўды, калі асобныя творы Кірылы Тураўскага, якія маюць вялікае значэнне, неаднаразова ўключаліся ў многія зборнікі, то чаму ж такі лёс мінуў «Слова»? У вартасцях гэтага помніка старажытнай славянскай літаратуры сумнявацца не даводзіцца. Аднак гаворка ідзе пра тое, як магло стацца, што «Слова пра паход Ігаравы», калі яно напісана Кірылам Тураўскім, магло згубіць аўтара. Істотна іншае: з’яўляецца Кірыла Тураўскі аўтарам гэтага сусветна вядомага літаратурнага шэдэўра ці не?
   Упэўніцца ў гэтым можна, калі вельмі ўважліва, дэталёва перачытаць найбольш значныя творы самога Кірылы Тураўскага і «Слова пра паход Ігаравы». Трэба вельмі ўважліва ўзнавіць дэталі жыцця вялікага тураўляніна. Нарэшце, паспрабаваць суаднесці падзеі, што ўзноўлены ў «Слове», з жыццём Кірылы Тураўскага. Атрымліваецца, што Кірыла Тураўскі можа быць аўтарам «Слова пра паход Ігаравы». Чаму можна зрабіць такі вывад?
   Па-першае, «Слова» напісана не раней за 1185 год. На гэты час Кірыла Тураўскі ўжо дасягнуў вялікага творчага майстэрства, стаў вопытным літаратарам. Яму па сіле было стварэнне такога літаратурнага шэдэўра.
   Па-другое, трэба ўзяць пад увагу пазіцыю аўтара «Слова». Ён, узнаўляючы падзеі, не становіцца на бок якога-небудзь аднаго княства. Больш таго, выступае за аб’яднанне княстваў. Толькі ў згодзе і адзінстве аўтар бачыць паратунак ад захопу зямель чужынцамі. Ды і расказ пра паход Ігаравы падаецца як свайго роду павучальны ўрок. Аўтар «Слова» нагадвае чытачам, якія згубныя вынікі прыносяць міжусобныя войны. Менавіта такой пазіцыі прытрымліваўся і сам Кірыла Тураўскі.
   «Слова», аб чым сведчыць майстэрства твора, напісана чалавекам, які дасканала валодаў пяром. Ён вялікі эрудыт і кніжнік. Ён добра ведаў фальклор. У «Слове» адчуваецца вобразнасць, метафарычнасць. Кожны радок у ім сімвалічны, невыпадковы. А гэта якраз тое, што можна знайсці ў лепшых творах Кірылы Тураўскага.
   Дык ці з’яўляецца аўтарам «Слова пра паход Ігаравы» Кірыла Тураўскі? Канчатковы, адназначны адказ можна атрымаць толькі тады, калі творы Кірылы Тураўскага і «Слова пра паход Ігаравы» будуць прааналізаваны камп’ютарам. Ён і дасць, магчыма, адказ на гэта пытанне.
   (474 словы)

Паводле А. Марцінкевіча.

Похожие статьи:

ІншаеКірыла Тураўскі

СачыненніБеларускі "Златавуст" Кірыла Тураўскі

ІншаеКірыла Тураўскі - "Прытча пра чалавечую душу і цела"

Пераказы, дыктантыКірыла Тураўскі

ІншаеСлова пра паход Ігаравы