Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Полацкая зямля

   Полацк... Гэта слова як рэха слаўнай гісторыі нашай Радзімы. Назва горада трывала ўваходзіць у нашу свядомасць яшчэ з ранняга дзяцінства.
   Полацк – адзін з самых старажытных гарадоў усходніх славян. Ён равеснік Кіева і Ноўгарада і ўпершыню ўпамінаецца ў старажытным летапісе «Аповесць мінулых часоў».
   Горад ляжаў на магістралі, якая звязвала Захад з Усходам, на гандлёвым шляху «з варагаў у грэкі» – з Прыбалтыкі да Чорнага мора. Праз Полацкую зямлю праходзіў гандлёвы шлях у Заходнюю Еўропу па Заходняй Дзвіне. Такое геаграфічнае становішча садзейнічала далейшаму росту і гаспадарчаму развіццю горада.
   Полацкая зямля мае своеасаблівую культуру, багатую, слаўную гісторыю. Давайце ж глянем на тое, што захавалася і збераглося да сённяшняга дня.
   Пачатак манументальнага дойлідства Беларусі і найвышэйшае яго дасягненне – Сафійскі сабор. Сёння тут размешчана архітэктурная экспазіцыя, канцэртная зала сімфанічнай і камернай музыкі, устаноўлены арган.
   Паўночным фарпостам Полацка з’яўляўся Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр. Гэта месца жыцця і дзейнасці славутай асветніцы Ефрасінні Полацкай, перадавой, адукаванай жанчыны свайго часу. Яна перапісвала кнігі, пісала летапісы і арыгінальныя творы. Заснавала жаночы і мужчынскі манастыры, якія сталі цэнтрам асветы ў Полацкім княстве.
   Пройдземся ўздоўж правага берага Дзвіны. Мажліва, недзе тут стаяў дом купца Лукі Скарыны. У яго сям’і нарадзіўся будучы беларускі першадрукар, вучоны, асветнік і культурны дзеяч, перакладчык, пісьменнік і мастак-графік эпохі Адраджэння Францыск Скарына. Вядома, што рознабаковая яго дзейнасць насіла прагрэсіўны характар, адыграла значную ролю ў духоўным жыцці беларускага народа і аказала значны ўплыў на развіццё нашай культуры. У 1974 годзе ў горадзе пастаўлены помнік знакамітаму палачаніну.
   Былая Богаяўленская царква мужчынскага манастыра сёння досыць вядомае месца. Тут знаходзіцца Полацкая карцінная галерэя. У брацкай школе манастыра некаторы час выкладаў Сімяон Полацкі – беларускі і рускі грамадскі дзеяч, педагог, пісьменнік і публіцыст.
   Тут ёсць вал Івана Грознага – частка ўмацавання Ніжняга замка.
   У чэрвені 1705 года ў Полацку жыў Пётр I, які прыязджаў сюды для кіраўніцтва рускімі войскамі ў Паўночнай вайне са шведамі.
   У перыяд вайны 1812 года Полаччына стала арэнай жорсткіх баёў з французскімі захопнікамі. Пры вызваленні горада ад акупантаў шмат рускіх і французскіх воінаў загінула на мосце праз раку Палату. З таго часу мост называюць Чырвоным.
   Цяжкім выпрабаваннем для Полацка стала Вялікая Айчынная вайна. Горад абараняла 174-я стралковая дывізія, воіны стаялі насмерць. Рух праціўніка на ўсход быў прыпынены больш як на два тыдні. Фашысты не чакалі такога супраціўлення. Яны так і не ўзялі Полацк з ходу, а вымушаны былі абысці яго з флангаў. Многія палачане мужна змагаліся ў партызанскіх атрадах, у падполлі.
   Страшную карціну ўяўляў горад пасля вызвалення. Было разбурана жыллё, знішчаны прамысловыя прадпрыемствы. Яшчэ на захадзе грымелі баі, а ў горадзе ўжо пачалося аднаўленне.
   Кожны крок па вуліцах старажытнага горада – гэта дотык да славутай гісторыі нашай краіны.
   Зараз Полацк – буйны прамысловы і культурны цэнтр рэспублікі. Але найвялікшы гонар палачан, безумоўна, даўніна. Прайсціся па месцах, дзе з вамі гаворыць сівая старажытнасць, цікава не толькі гасцям горада, але і яго жыхарам.
(458 слоў)

Паводле М. Барэйшы.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыПолацк

Пераказы, дыктантыБацька гарадоў беларускіх

Пераказы, дыктантыРадзіма душы

Пераказы, дыктантыСкрозь стагоддзі

Пераказы, дыктантыМы родам адсюль