Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Народная педагогіка

   Лёгка нарадзіць, ды нялёгка ўскарміць. I нашы продкі ведалі гэта не горш за нас. Таму і шукалі розныя спосабы, каб памагчы самім сабе. Так, напрыклад, першую кашульку свайму дзіцяці маці імкнулася шыць не з новага палатна, а са старызны і так, каб у ёй не было ні каўнерыка, ні рубца з наваротам. Тады, лічылася, дзіця будзе расці паслухмянае і ласкавае.
   Немалаважнае значэнне меў выбар належнага імя. Не дзень і не два, а, здаралася, тыдзень, месяц думалі, абмяркоўвалі бацькі, а то і ўся сям’я, сваякі, як назваць сына ці дачку, будучага гаспадара ці гаспадыню. Бралася пад увагу многае: і каб імя запаміналася, гучала, і каб не чужое яно было, а ўжо асвоенае родам па бацькавай ці па матчынай лініі. Успаміналіся тыя, хто меў ужо такое імя са сваякоў і наогул у вёсцы. Калі чалавек быў нядобры ці жыў не так, як трэба было жыць, імя бракавалася, не называлі больш такім імем чалавека. Наадварот, калі чалавек быў паважаны, ішла пра яго слава, тады яго імем называлі многія сваіх дзяцей. Часта імя давалася па дзеду, бабе. Самымі папулярнымі імёнамі ў нашых продкаў былі Іван, Мікалай, Піліп, Васіль, Раман, Кузьма, Андрэй, Рыгор, Алесь, Пятро, Павел, Насця, Вера, Надзя, Дуня, Ганна, Хадора, Клаўдзя... Імя аб’яўлялася перад хрысцінамі, запісвалася ў царкве.
   I дзіця, займеўшы імя, паступова прывыкала да яго. Ва ўсякім выпадку, усе імкнуліся, каб дзіця ведала сваё імя, не забывала, помніла. Кожнае імя маці і бацька вымаўлялі па-асабліваму, на свой лад, рабілі яго памяншальным, больш ласкавым: Іванка, Іванька, Ванюша, Мікалайка, Міколка, Коля, Піліпка, Піліпок, Насцечка, Верачка, Надзейка.
   Малых дзяцей у сям’і любілі. Лепшая яда, цяплейшае адзенне, самыя добрыя, ласкавыя словы – ім. Не дазвалялася да года дзяцей стрыгчы, абразаць ім пазногці, паказваць люстэрка, фатаграфаваць. Спала дзіця ў лёгкай калысцы, якая, прыкрытая палатном (каб ветрам не задзімала і нішто не ўпала на дзіця, не спалохала, калі яно спіць), падвешвалася на крук паблізу ложка, каб уночы, калі дзіця прачнецца, можна было, не ўстаючы з пасцелі, пакалыхаць яго нагою ці рукою. Дзіця яшчэ не разумела амаль нічога, а з ім размаўлялі так, быццам яно разумела ўсё: ласкава, як ні з кім, усміхаючыся, вымаўляючы на свой лад кожнае слова. I песні спявалі, ды як: саму душу ўкладвалі. I што цікава: дзеці любілі песні, змаўкалі ці, наадварот, плакалі, калі тыя, хто спяваў, раптам сціхалі, пераставалі спяваць. У песнях-калыханках чаго толькі не гаварылася! I доля, будучае маляваліся і прарочыліся, выказваліся самыя запаветныя мары, надзеі, жаданні. I кожная песня-калыханка надта лёгка запаміналася.
   Падрастала дзіця – яго адымалі ад грудзей. Быў пры гэтым момант, калі можна даведацца, кім дзіця стане. Перад ім клалі грошы, пугу і кніжку. Калі дзіця брала грошы – лічылася, будзе багата жыць, калі брала пугу – будзе паслухмянае, гаспадарлівае, а калі брала кніжку – будзе разумнае, з навукі хлеб будзе есці. I, вядома ж, расказвалі казкі, легенды, спявалі песні. I так прывучалі дзіця да жывога слова, што яно, не ўмеючы яшчэ размаўляць, не заўсёды ўлоўліваючы сэнс, ляжала ў калысцы і перад сном спявала на свой лад пачутыя ад маці і бацькі песні.
(490 слоў)

Паводле Б. Сачанкі.

Похожие статьи:

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Карчоўнік

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Зерне і млын

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Хлеб

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Ля даўняга селішча

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Сляды