Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Данілкаў бунт

   «Цікава, адкуль гэта ўзялася ў клеці ласіная шкура? – думае Данілка. – А можа, бацька знайшоў гэтую шкурку ў лесе ці адабраў у якога браканьера? Дык чаму ён не расказаў тады пра гэта Данілку? Ён жа ведае, што Данілка – першы памочнік лесніка дзядзькі Яўхіма. А што калі бацька сам? Не, не!» – Данілка адганяе ад сябе гэтую думку. Ён любіць свайго бацьку і не хоча думаць пра яго дрэнна.
   – Аб чым жа гэта ты так моцна думаеш, сынок? – усміхаецца маці.
   – Хачу разгадаць, адкуль у нашай клеці ласіная шкура ўзялася? Хто яе там схаваў?
   Маці спалохана азіраецца і сярдзіта шэпча:
   – Ціха ты, дурніца! Пачуе хто, дык і сораму і бяды не абярэшся праз гэтую шкуру.
   – Няўжо бацька? – пытае ён ледзь чутна, і ў пытанні гэтым такая роспач, такая крыўда.
   – Ён незнарок, – гаворыць маці.
   Але Данілка ўжо не чуе яе слоў. Уся яго істота паўстае супраць такога ўчынку.
   А вось і бацька. Ён яшчэ здалёк вітае сына:
   – Салют! Што новага, лясны гаспадар?
   – Скажы, навошта ты лася забіў?
   Бацька нейкую хвіліну маўчыць, хмурыцца, а пасля, нібы апраўдваючыся, гаворыць:
   – Яна ж у балота ўскочыла, нагу зламала. Калі б не прыстрэліў, дык яе б багна засмактала або ваўкі разарвалі.
   – А хіба нагу нельга было вылечыць?
   Голас Данілкі задрыжаў, пырснулі слёзы.
   «Вось яна, тая ласіха», – думае Данілка, калі маці стаўляе на стол вялікую патэльню смажанага мяса.
   – Я не буду есці гэтага мяса, мама. Дай мне кубак малака з бульбай.
   – А не дуры, хлопец! – злосна крычыць бацька. – Еш, кажу, а не то – папружку зніму!
   Невядома, чым бы скончылася гэтая сутычка, каб за акном не пачуўся голас Андрэйкі:
   – Данілка, бяжым хутчэй да нас! Дзядуля з лесу малое ласянятка прынёс. Знайшоў яго ля балота. А якое прыгожанькае, каб ты бачыў. Відаць, ад маткі адбілася. Мы з табою яго гадаваць будзем.
   Пачуўшы гэта, Данілка выскаквае з-за стала бяжыць з хаты.
   Хлопчыкі прыбеглі да лесніковай хаты. У сенцах яны ўбачылі дзеда Яўхіма. Ён сядзеў ля маленькага танканогага ласяняці і торкаў яму ў рот соску, надзетую на бутэльку з малаком. Ласяня спалохана пазірала на яго вялікімі бліскучымі вачыма і ніяк не хацела смактаць соску. Тады дзед Яўхім злаўчыўся і пырснуў на ружовы язычок крыху малака. Адчуўшы яго смак, ласянятка ўхапілася за соску і пачало прагна смактаць.
   – Ну вось і добра, вось і малайчына, – прагаварыў дзед Яўхім. – От каб нам злавіць таго паганца, які загубіў тваю маці, мы б з яго самога скуру злупілі, – злосна сказаў ляснік.
   – А мо ён незнарок? – глуха прамовіў Данілка.
   – Як гэта незнарок? – абурыўся ляснік. – Мяса ласінага, гад, захацеў. А тое, што малое асіраціў, красу лесу загубіў, яму і гора мала.
   Цяжка было на сэрцы ў Данілкі, калі ён увечары вяртаўся дадому. Ён чамусьці адчуваў сябе зусім маленькім і асірацелым, як тое кволае ласянятка. Бацька, з якім так добра сябраваў, стаў раптам нейкім чужым.
   Апынуўшыся ля свайго двара, Данілка стаіўся пад старой высокай таполяй.
   – Час вячэраць. Дзе ж ён дагэтуль бегае, не еўшы? – пытае бацька, і ў голасе яго чутна трывога.
   Данілка пакідае сваю хованку, адчыняе веснічкі і ідзе насустрач бацьку.
   – Данілка, сынок! – радасна ўскліквае бацька і прыгортвае сына да сябе. Данілка, захліпаючыся ад слёз, горача шэпча:
   – Татка, ты ніколі больш не будзеш крыўдзіць лясных жыхароў? Праўда, татка?
   – Ніколі, сынок, ніколі!
   Голас бацькі гучыць цвёрда, як клятва, і ў Данілкі на сэрцы адразу робіцца лягчэй.
   – А за ласіху – даруй. З кім не здараецца, сынок? Памыліцца кожны можа. Важна толькі, каб ты сваю памылку выправіў, каб яна на тваім сумленні каменем не ляжала. А за тое, што ты вайной на мяне пайшоў, што зла не церпіш, – хвалю. Зла нікому нельга спускаць, сынок. Нікому!
(557 слоў)

Паводле Я. Бяганскай.

Похожие статьи:

Ядвіга БяганскаяЯдвіга Бяганская - Міколкава ялінка

Ядвіга БяганскаяЯдвіга Бяганская - Новенькая

Ядвіга БяганскаяЯдвіга Бяганская - Сланечнікі

Ядвіга БяганскаяЯдвіга Бяганская - Пра казачных чалавечкаў

БиографииЯдвіга Бяганская