Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Вясна

   Няма ў свеце, думаецца мне, большай радасці за тую, што пазнае чалавек вясной, калі не празяваў, паспеў улавіць непаўторную прыгажосць абуджэння прыроды, хай сабе і кволае на пачатку, але настойлівае, упартае імкненне ўсяго існага на зямлі да сонца, да цяпла, да жыцця.
   Мінулай вясною, шукаючы мясціну для эцюда, я выйшаў да вёскі, што носіць прывабную назву Гаі. Ніякіх гаёў, праўда, цяпер у самых Гаях няма: вёска стаіць на лысаватым, усім вятрам і сонцу адкрытым пагорку. Бярозавы гай цяпер – за Гаямі. Дружным карагодам збягаюць там бярозкі па некранутым схіле да рэчкі, каб, спыніўшыся на яе беразе, цяпер, вясной, пакуль не ўтаймаваўся павадак і Дубравенка запоўнена да краёў, зірнуць у вадзяное люстэрка, палюбавацца сваёй прыгажосцю.
   Тут, за Гаямі, нарэшце аблюбаваўшы краявід, спыніўся я і ўзяўся за фарбы. Здалося, варта толькі дакладна перанесці на палатно дзівосны блакіт неба, дымчатасць бярозавых вяршалін і ледзь прыкметную ружовасць белых ствалоў, прыглушаную пазалоту зямлі, не пакрытай яшчэ маладою травой, і амаль такую ж, як неба, празрыста-блакітную гладзь Дубравенкі – і ўжо сама па сабе атрымаецца вясна. Я захапіўся работай і з такой стараннасцю занатоўваў усё, што бачыў перад сабою, так выпісваў кожную бярозку, кожную галінку на ёй, што не прыкмеціў, як мінуў дзень. Аднак да вечара работа была завершана.
   Перапоўнены радасцю, вярнуўся я ў той дзень дадому і, прызнаюся, яшчэ з тыдзень жыў ва мне настрой задавальнення. Была ўпэўненасць, што ні дадаць да карціны, ні ўбавіць ад яе нічога ўжо нельга. I толькі потым, прыглядаючыся да палатна, я паступова прыходзіў да думкі, што чагосьці ўсё ж не стае карціне. Чаго менавіта, зразумець я не мог. А незадаволенасць расла і расла з кожным днём. Тады, адклаўшы ўбок усе іншыя справы, я зноў узяў эцюднік і пакрочыў за Гаі.
   Дарэмныя спадзяванні! Усё тут было іншым. Дрэвы патанулі ў густой засені маладой лістоты, густа паднялася трава, усмактаўшы ў сябе былое разводдзе Дубравенкі. Здзіўлены, я моўчкі стаяў ля бярозы. Напэўна, падобнае ўражанне можна адчуць, калі праз доўгія гады сустрэнеш раптам чалавека, якога ведаў зусім падлеткам.
   Я не стаў падтасоўваць карціну пад новае. Вырашыў чакаць наступнай вясны.
   I вось зноў надышоў той час, калі можна было ісці на спатканне з бярозавым гайком і там, на месцы, разабрацца, адшукаць і перадаць тое, чаго не здолеў зрабіць у мінулы раз. Цяпер я ведаў: не трэба ўдавацца ў дэталі, не трэба выпісваць кожны сучок, кожную крывуліну ствалоў. Галоўнае – душа вясны, той адметны настрой, які павінен быць толькі ў гэтыя дні, не раней і не пазней.
   Мне зноў не пашанцавала. Яшчэ раз давялося пераканацца ў тым, што вясна на вясну не прыходзіцца. Кожная з іх прыносіць нешта сваё. Сёлета гаёк таксама быў прыгожы, але прыгажосць гэта была зусім іншаю. Мабыць, з восені пайшла пад снег зямля, не скаваная марозам, таму не ўтрымала павадак зверху, усмактала яго ў сябе, і не паўтарылася тое люстэрка, у якое глядзеліся бярозы летась. Ні тых фарбаў, ні той урачыстасці. Усё па-іншаму.
   Ну што ж, я не ў крыўдзе на цябе, вясна. Ты навучыла мяне цаніць імгненне, і за гэта нізкі табе паклон.
(490 слоў)
   
Паводле А. Кандрусевіча.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыГуканне вясны

Пераказы, дыктантыПрыход вясны

Якуб КоласЯкуб Колас - Вясна

Пераказы, дыктантыКалі зацвітае чаромха...

Пераказы, дыктантыСустрэча вясны