Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Востраў Слёз

   Пасля бабінага лета, калі ў парках дагараюць клёны і патухаюць свечкі бярозак, надыходзіць сырая пара з дажджамі і пранізлівымі вятрамі. У такі дажджлівы дзень, гуляючы па Траецкім прадмесці, я выйшаў на ўзбярэжжа Свіслачы, перайшоў мост і апынуўся насупраць невялікага храма-помніка. Пад купалам з крыжам адлітыя ў бронзе постаці жанчын самотна глядзелі на горад. Кроплі дажджу сцякалі па іх тварах, і здавалася, што жанчыны плачуць.
   Востравам Слёз назвалі астравок у цэнтры Мінска пасля таго, як тут пабудавалі гэты помнік мацярынскага гора. Я ўспомніў, што на афганскай вайне загінуў мой аднавясковец Сцяпан Сіліцкі. У памяці пачалі ўсплываць малюнкі далёкага дзяцінства.
   Сцёпку і яго малодшую сястру Кацьку гадавала маці – цётка Зіна. Такой галечы, як у нашых суседзяў, не было, мабыць, ва ўсім наваколлі. Пасля смерці мужа Зіна пачала выпіваць. Гэта звычка зацягвала яе ў страшную прорву, з якой няма выйсця.
   Неяк у школу, дзе вучыўся Сцёпка, прыехалі ўрачы з раённай паліклінікі праводзіць медагляд вучняў. Тоўсты доктар па чарзе аглядаў дзяцей. Калі да яго падышоў худзенькі Сцёпка, урач раптам грэбліва скрывіў вусны і, тыцкаючы пальцам у брудную шыю хлопчыка, закрычаў:
   – Ты калі апошні раз мыўся? Парасё малое! I куды гэта бацькі глядзяць?
   Бедны Сцёпка, апусціўшы галаву, стараўся стрымацца, каб не заплакаць. Але хутка слязінкі скаціліся па яго твары, уздрыгнулі плечы, і ён заплакаў. I тут да хлопчыка падскочыў настаўнік, схапіў за вуха і злосна зашыпеў:
   – Ты зганьбіў школу! Каб заўтра без маці не прыходзіў!
   Я не мог зразумець, чаму дарослыя людзі накінуліся на бездапаможнага васьмігадовага хлопчыка, давялі яго да слёз, чаму ніхто не пашкадуе яго. Няхай доктар не ведае, як жыве Сцёпка, але ж настаўнікі ведаюць! Чаму яны не растлумачаць усё гэтаму таўстуну ў белым халаце?
   На наступны год сястра Сцёпкі пайшла разам з сяброўкамі на рэчку купацца. Кацька адышла далей ад берага, паехалі ножкі па слізкім дне, і малая захлынулася ў неглыбокай рачулцы.
   Пасля смерці дачкі Зіна перастала піць. Яна раптам спалохалася, што можа страціць і Сцёпку, і ўсю сваю пяшчоту скіравала на сына. Пазычыўшы ў суседзяў грошай, Зіна купіла Сцёпку чаравікі і прыгожы касцюм. Калі першага верасня Сцёпка з’явіўся ў бліскучых чаравіках, у новым касцюмчыку, з-пад якога свяцілася адпрасаваная белая кашуля, усе ахнулі.
   Зіна пайшла працаваць на ферму, стала нядрэнна зарабляць. Купіла лесу, наняла цесляроў, адрамантавала хату.
   Скончыўшы школу, Сцёпка паступіў у танкавае вучылішча. Два разы на год прыязджаў ён на канікулы ў родную вёску. Не адно дзявочае сэрца млела ад позірку блакітных вачэй курсанта-танкіста ў прыгожай форме.
   Праляцела пяць гадоў. Аднойчы да варот Зінінай хаты падкаціла таксі. З машыны выйшаў стройны афіцэр у параднай форме. Сцёпка трымаў за руку дзяўчыну, якая разгублена азіралася на нашых цікаўных цётак, што прыбеглі паглядзець на гэты цуд. З хаты выскачыла цётка Зіна і з плачам кінулася на шыю сыну. Сцяпан гладзіў маці па плячах, па ссівелых валасах. Калі тая крыху супакоілася, ён сказаў:
   – Знаёмся, мама! Гэта мая жонка Валянціна.
   На жаль, нядоўгім, як восеньскае сонца, было Зініна шчасце. Праз тыдзень з’ехаў Сцяпан у далёкі Хабараўск, дзе праслужыў пяць гадоў у ваеннай акрузе. Разы тры прыязджаў яшчэ да маці з жонкай і дачкой Кацькай. Шчаслівая Зінка не магла нацешыцца са сваёй маленькай унучкі. Бывала, гуляючы з Кацькай, яна раптоўна задумвалася, і слёзы каціліся па яе твары.
   У 1985 годзе капітан Сцяпан Сіліцкі загінуў у Афганістане. Труну з целам Сцяпана прывезлі ва Ульянаўск. Там у бацькоў жыла яго жонка з дачушкай. Цётка Зіна на пахаванне сына не паехала. Атрымаўшы тэлеграму, яна амаль месяц праляжала ў бальніцы.
   Мы многае забываем у жыцці. Знікаюць з памяці непрыкметныя дні з паўсядзённай мітуснёй. I толькі тыя падзеі, якія прайшлі праз душу хвалямі радасці ці чорнымі хмарамі бяды, сфатаграфаваны нашай памяццю назаўсёды.
(592 словы)

Паводле С. Сцяпана.

Похожие статьи:

Артур ВольскіАртур Вольскі - Сцяпан – вялікі пан