Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Вецер

    Ноччу пахаладала. Раніцаю вуліца пакрылася шэранькаю ледзяною скарынкай. Халодны і шчыльны, як вада, вецер збіваў а ног.
   Чалавек спыніў мяне і запытаўся, як прайсці да гастранома, што ля трамвайнага прыпынку. Мужчына шырока расставіў ногі, абапёрся на чорную палку. У левай руцэ матлялася на ветры карычневая сумка, старая, але акуратная. Чалавек нечакана ўсміхнуўся:
   – Я са шпіталя. Да сястры зайсці хачу. Мішку цукерак купіць трэба.
   Я сказаў яму, што лепш перайсці на другі бок вуліцы.
   Пад расшпіленым пінжаком была толькі шэрая кашуля. Відаць, калі ад’язджаў чалавек на лячэнне, не падумаў пра раннія асеннія халады.
   Нейкі час я стаяў, глядзеў, як ён асцярожна перайшоў цераз вуліцу. На адкрытым месцы ад ветру неспадзявана ўпала на тратуар сумка, высока ўскінулася ўгору палка. Апранутая ў чырвоную куртку жанчына абышла чалавека, падазрона зірнула на яго. Мужчына паволі сагнуўся, падняў сумку, асцярожна і нязграбна пайшоў далей па вуліцы.
   Ужо ў аўтобусе мне ўспомніліся нейкія нязвыклыя наскі яго чаравікаў, і толькі тады я здагадаўся, што быў ён на пратэзах.
   Ад сустрэчы, мабыць, запала ў душу незразумелая макавінка нейкай вінаватасці за вецер і холад на вуліцы, за маладую жанчыну, якая абмінула інваліда. Усё гэта паўстала ў памяці праз многа гадоў зусім нечакана.
   Дзень быў пяшчотны, цёплы. Прырода нібы хацела сагрэць і суцешыць усё жывое перад доўгімі халоднымі дажджамі. У магазіне «Дары прыроды» прадавалі мёд, і чарга стаяла на ўвесь магазін.
   – Мёду больш няма, толькі тое, што засталося ў бітоне, – не першы раз папярэджвала прадаўшчыца людзей.
   У гэтай цеснаце паўз чаргу праціснулася да прылаўка высокая жанчына з густымі залацістымі валасамі, якія спадалі на плечы. З-за іх усе, мабыць, і звярнулі на яе ўвагу.
   – Ты куды без чаргі? Назад! – нечакана прагучала аднекуль, як быццам не з цяперашняга часу.
   Пенсіянер з трохлітровым слоікам у руцэ схапіў жанчыну за локаць. Лютасць у вачах, рэзкі паварот тулава, нібы ў руках у мужчыны апынуўся аўтамат, з якім ён гатовы кінуцца на любога, хто асмеліцца ступіць уперад.
   Скаланулася ад нечаканасці прадаўшчыца, замерла на імгненне чарга, спалохана прагучаў голас жанчыны:
   – Мне не мёд. Я арэхаў хацела глянуць сыну.
   – Я не хачу арэхаў, мама, пайшлі! – хлопчык цягнуў сваю маладую маму за палец і насцярожана глядзеў на людзей. Жанчына з палёгкай паслухмяна пайшла за сынам.
   Толькі тады ўздыхнула, заварушылася чарга.
   – А рукі не трэба распускаць, – сказаў мужчына ў спартыўнай куртцы і джынсах. – Не той час!
   Пенсіянер з трохлітровым слоікам азірнуўся, змераў яго позіркам зверху ўніз і злосна прамовіў:
   – Асмялелі!
   Ён больш нічога не сказаў, павярнуўся да прылаўка. Праз два чалавекі падыходзіла чарга, мёду яму хапала на ўвесь слоік.
   Я выйшаў на вуліцу. Свяціўся пагодны вераснёўскі дзень. Але на гэтым цяпле холадам павявала ад нядаўняга. I ўспомніўся той асенні дзень, інвалід на сцюдзёным ветры, вылінялыя стужачкі ўзнагарод. I сённяшні дагледжаны твар, калодка ўзнагарод, пераважна юбілейных, і ўладная лютасць, якая раптам прарвалася на людзей аднекуль з таго часу, калі ў пашане быў другі парадак.
(463 словы)

Паводле А. Жука.

Похожие статьи:

Алесь ЖукАлесь Жук - Стары бабёр

Алесь ЖукАлесь Жук - Праклятая любоў

Алесь ЖукАлесь Жук - Мужчыны

Алесь ЖукАлесь Жук - Песня

Алесь ЖукАлесь Жук - Паляванне на Апошняга Жураўля