Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ваяўнічыя госці

   Восы – блізкія родзічы пчол. Але чалавеку няма да вос ніякай справы: мёду яны не маюць, а вось жарты з імі кепскія. Растрывожаныя восы гатовы ў любы час пусціць у ход сваю зброю – джала. Асіны ўкус такі ж небяспечны, як і пчаліны. Асабліва калі нападае цэлы рой ці калі ў чалавека алергія на яд, што выдзяляюць гэтыя насякомыя.
   Пчала, джалячы, выракае сябе на верную смерць. А восы могуць кусацца шмат разоў. Справа ў тым, што джала пчалы мае дробныя зазубрынкі. Калі джала трапляе ў скуру чалавека, выцягнуць назад яго пчала не можа. У вос джала гладкае, без зазубрынак, яно лёгка дастаецца са скуры. Таму пчолы кусаюцца толькі ў крайніх выпадках, а восы гатовы прымяняць сваю небяспечную зброю без дай прычыны. Вось чаму асабліва не хочацца сустракацца з гэтымі ваяўнічымі стварэннямі.
   Аднойчы летам за вёскай, недалёка ад лесу, Алесь сядзеў з вудай на беразе сажалкі і радаваўся, як добра бяруцца карасікі. Раптам з боку лесу пачуўся гул, быццам недзе адтуль, з-за дрэў, ляцеў самалёт. Праз імгненне ў небе з’явілася шэрае воблака, што плыло прама на Алеся і апускалася ўсё ніжэй. Гэта быў асіны рой, які ледзь не даў нырца ў ваду з супрацьлеглага берага, рэзка ўзмыў угору і неўзабаве застыў над спалоханым рыбаком.
   Алесь схапіў куртку, што ляжала побач на выпадак дажджу. Спачатку вырашыў з усяе сілы размахваць ёю над галавой і тым самым напалохаць "агрэсара". Гэта была зусім прадказальная рэакцыя чалавека, які ўпершыню апынуўся ў такой сітуацыі. Але ў апошні момант хлопец перадумаў змагацца з асіным войскам. I правільна зрабіў! Над рыбаком завісла некалькі соцень насцярожаных шасціногіх стварэнняў, гатовых у любы момант "выхапіць" свае вострыя "шпагі". Алесь накінуў куртку на галаву, стаў на калені і ўвесь сцяўся: маўляў, проста ляжыць некім забытая адзежына.
   Праз некалькі імгненняў гул над рыбаком заціх. Алесь зірнуў з-пад курткі: шэрае воблака накіравалася ў бок вёскі. Хлопец уявіў, што там зараз пачнецца, як усе стануць хавацца ад вос у хатах, зачыняць дзверы і вокны. Алесева нядаўняя баязлівасць цяпер, наадварот, выглядала як сапраўднае геройства.
   Праз паўгадзіны хлопец вярнуўся з рыбалкі. У вёсцы было ціха. Алесь выпусціў карасікаў з поліэтыленавага пакета ў вядзерца з вадой, памыў рукі і вырашыў паласавацца спелымі парэчкамі. Чорныя, чырвоныя, жоўтыя, яны раслі нападворку. Хлопец наблізіўся да кустоў і на імгненне перажыў тое, што і паўгадзіны таму: на спелых ягадах сядзелі восы і высмоктвалі з іх мякаць. Па ўсім было відаць, што гэта не першае нашэсце разбойнікаў, бо ад многіх ягад заставалася толькі скурка. Алесь асцярожна патрос галінку парэчкі, але восы на гэта ніяк не адрэагавалі. Яны нібы намякалі на тое, што памятаюць, як хлопец баязліва хаваўся ад іх пад курткай.
   Пад вечар, калі восы, задаволеныя і сытыя, паляцелі з падворка, Алесь сабраў рэшту цэлых ягад, каб паставіць кампот, а халодным зімовым вечарам са смехам успамінаць няпрошаных ваяўнічых гасцей.
(457 слоў)

Паводле А. Бадака

 

Похожие статьи:

Алесь БадакАлесь Бадак - Маці

Алесь БадакАлесь Бадак - Пагоня

Алесь БадакАлесь Бадак - Вецер

Алесь БадакАлесь Бадак - Беларусачка

Алесь БадакАлесь Бадак - Адзінокі васьмікласнік жадае пазнаёміцца