Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Валодзька

   Валодзька быў старэйшы за сястру Вераніку на шэсць гадоў. Добры і ласкавы брат!
   Валодзька быў нямко. Яшчэ малым, як хадзіў у чацвёрты клас, залез на дуб, што рос ля самага хлява, прыладзіць шпакоўню, і зваліўся, страціў мову.
   Ён рэдка стыкаўся дома, найчасцей сыходзіў у лес, прападаў у лесе да вечара. Без сяброў, адзін, ён знаходзіў сабе нейкі Цікавы занятак, бо дадому вяртаўся шчаслівы, задаволены.
   – Мо й мяне туды возьмеш? – сказала аднойчы Вераніка.
   Брат кіўнуў галавой у знак згоды.
   Той дзень яны ўсталі нацямочку.
   Убачыла Вераніка, што браток адчуваў сябе ў лесе, бы ў роднай хаце. Дзіўна было назіраць, як Валодзька падкормліваў мурашоў скарынкай хлеба, доўга і пяшчотна гладзіў камель бярозы.
   – Валодзька, глянь – во гадзюка, на пні, асцярожна!
   Браток адно ўсміхаўся.
   Вераніка з жахам пазірала, як ён працягнуў руку, як гадзюка ўспаўзла на далонь, а потым вакол рукі абвілася.
   «Брацейка ты мой, якое ж у цябе сэрца, калі гэтак умееш ты паразумецца з насельнікамі лесу. Ды чаму табе выпала такая доля?..»
   Валодзька смяяўся, задаволены і шчаслівы. А потым, здаволіўшыся, зноў на пень паклаў.
   Яны пайшлі ў бок Шыры. На пагорку ўбачылі казуль. Валодзька падышоў да казуль. I, дзіва, яны не ўцякалі, а глядзелі, як ён падыходзіў да іх – ціха, пакрысе, спакойна, выставіўшы наперад рукі...
   Здагадалася, што ў руцэ быў хлеб. «Няўжо для іх прынёс?» – дзівілася Вераніка. Казулі жавалі хлеб, а Валодзька стаяў як зачараваны і ўсміхаўся. Пасля забаўляўся з імі, лашчыў.
   Яны крочаць сцяжынкай далей. Валодзька, адышоўшы ўбок, спыніўся каля асіны, на выступ камля паклаў драбок цукру і пастукаў па ствале далонню, зацокаў языком. Вавёрачка борздзенька спусцілася, ухапіла цукар і кінулася ў сваю хатку. Брат падышоў да Веранікі, махнуў рукою – пайшлі...
   Абагнулі балотца, спыніліся каля сухадрэвіны сярод паляны, якую ўжо асвятляла млявае сонца. Валодзька прысеў на пень. Вераніка над вадой убачыла драўляную скульптуру дзяўчыны. Яна была як жывая: белыя льняныя валасы люстраваліся ў вадзе.
   Няўжо Валодзьку зразумела пачуццё кахання? Вераніка прыгадала, як брат наважыўся аднойчы правесці з клуба Агаціну Галю. Галя сказала з ганарлівай усмешачкай, каб аднак жа ўсе пачулі: калі ён нямко, то хай па сабе і шукае.
   Памятае Вераніка, што акурат пад той час Валодзька балюча стагнаў у сне, уздыхаў і ў лес сыходзіў раней звычайнага, каб ніхто і не чуў.
   Можа, ён тады і прыходзіў сюды. Тут Вераніку як бы хто абдаў гарачынёй – скульптура дзяўчыны была падобна як дзве кроплі вады на Галю.
   А Валодзька як сядзеў, так і не падымаўся. I здавалася Вераніцы, што ён плакаў. Не, у яго слёз не было, але ў вачах патухла радасць. Яна адчула, што яму вельмі цяжка. Так толькі можа плакаць душа чалавека – маўкліва і жудасна.
   – Табе ад таго цяжка, што раскрыў мне сваю тайну. Чаму?
   Ён маўчаў. Не адрываў позірку ад Веранікі і маўчаў.
   – Добра, браток, нічога не кажы мне – я ўсё зразумела. Толькі прабач, што напрасілася з табой. Дзякуй, што адкрыў сваю душу і сэрца, бо я не ведала цябе, не ведала...
   Ведаў Валодзька зацішнае месца, дзе толькі лесу і давяраў сваю тайну, настрой і няўдалае каханне...
(479 слоў)

Похожие статьи:

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Вераніка

Пераказы, дыктантыЗдарэнне