Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Бульба

   Уранні прыйшлі нашы – спачатку прагрукаталі, ляскаючы жалезам, танкі, пасля, можа, праз паўгадзіны, з-за пагорка паказалася пяхота. Калоны пехацінцаў павольна спускаліся ў нізіну, што перад вёскай, і адтуль, расцякаючыся, як ручаіны вясной, па лясных і палявых дарогах накіроўваліся далей, да Беседзі. У вёсцы тым часам дагаралі хаты.
   Ля вясковых могілак ужо бегалі артылерысты. Там спынілася гаўбічная батарэя, і артылерыйскія разлікі ўстанаўлівалі гарматы, рылі акопы. За лесам, мусіць, ля самай Беседзі, за якой акапаліся немцы, – там цяпер была перадавая – неўзабаве пачуліся густыя вінтовачныя стрэлы; часам адтуль даносіліся і кулямётныя чэргі.
   Гулі маторы. I гэты гул іхні то нарастаў, нібы станавіўся сцяною, то заціхаў.
   Па небе плылі нізкія хмары. Але дажджу не было. I ўжо каторы дзень. Відаць, хмары былі бясплодныя.
   На папялішчы патроху сыходзіліся людзі. Ніхто не плакаў.
   Не смяяліся і салдаты. Яны ішлі к Беседзі маўклівыя.
   У сорак трэцім мы былі яшчэ зусім малыя, але запомнілі гэтых салдат... У вёску тады першыя прыбеглі з лесу і ўжо цэлага паўдня сядзелі ў сасняку ля школы, запаліўшы вогнішча, і, як зачараваныя, моўчкі ўглядаліся ў іх загарэлыя, стомленыя твары. Мы былі дзеці, і ў кожнага з нас на вайне быў бацька. Дык і думалася – а можа, якраз тупае бацька вось так у страі...
   Вогнішча наша дыміла, сіпелі дровы, часам да вогнішча падбягалі салдаты. Яны гладзілі нас па галовах і, не распытваючы ні аб чым, спяшаліся даганяць сваіх. А гэтых «сваіх» было многа-многа!.. Нават здавалася, што якой-небудзь калоне канца-краю не будзе. Але праходзіў час, дарога раптам пусцела. Ды ненадоўга. Хутка зноў чуўся тупат. I зноў пад вокнамі школы пачынала калыхацца маўклівая шэра-зялёная салдацкая калона. А пад самы вечар, калі пачалі ўжо грамыхаць гаўбіцы, у сасняку, дзе гарэла вогнішча, спыніліся артылерысты. Іх было чалавек дваццаць, з адной-адзінай маленькай гарматкай, якую цягнулі коні. Коней артылерысты не распрагалі: павесілі ім на галовы брызентавыя вёдры, і коні ляніва хрумсталі авёс.
   Артылерысты былі вясёлыя людзі. Яны тут жа сышліся да нашага вогнішча, пачалі жартаваць. Падышлі і афіцэры.
   – Ведаеце, – загаварыў раптам старшы лейтэнант, які амаль увесь час маўчаў, – усё хацеў я бульбы печанай наесціся. Думаў, прыйдзем на беларускую зямлю, накапаю дзе-небудзь бульбы і напяку на такім вогнішчы. Ажно не. Усё не збяруся. Ужо другі дзень на гэтай зямлі, а бульбы не паспытаў.
   Аднойчы як накармілі мяне печанай бульбай, дык і дагэтуль смаку той бульбы не забыў. Недзе пад Гомелем (у сорак першым) астаткі нашага палка – усяго некалькі чалавек – выходзілі з акружэння. Ішлі мы ўсю дарогу галодныя, пакуль не натрапілі на такіх вось хлапчукоў. Пасвілі яны цялят за вёскай і бульбу пяклі. Дык мы і наваліліся на іхнюю бульбу, ажно, небаракі, пячы не паспявалі. I вось з таго часу жыву надзеяй пакаштаваць калі-небудзь яшчэ печанай бульбы. Кажуць, беларуская нейкая асаблівая. Не ведаю, цяжка меркаваць мне, чалавеку, які нарадзіўся і жыў у пшанічным стэпе. Але, можа, і сапраўды смачней за яе нідзе не бывае.
   Ён колькі часу маўчаў яшчэ, нібы раздумваў, як лепш зрабіць, – ці зараз заняцца бульбай, ці адкласці на заўтра.
   – Сёння позна ўжо. Я заўтра прыйду. Як, хлопцы, будзе бульба?
   ...Па зямлі плыў добры вечар, калі нарэшце была з’едзена салдацкая каша. Мінула яшчэ гадзіна – і апусцеў сасняк, што каля школы. Артылерысты пастроіліся на дарозе і рушылі, ціха перагаворваючыся, услед за сваёй адзінай саракапяткай.
   Уначы пачаўся на Беседзі бой. Ля могілак грамыхалі, калоцячы зямлю, гарматы. Пад вокнамі школы, не заціхаючы, гулі машыны.
   Пакуль ішлі баі, мы не адыходзілі ад вогнішча, якое ўсё палілі на адным і тым жа месцы. Па-ранейшаму паўз школу рухаліся к Беседзі войскі. А адтуль, пачынаючы з самае раніцы, везлі на машынах раненых. Мы цярпліва сядзелі каля вогнішча і чакалі старшага лейтэнанта. У нас была напагатове для яго печаная бульба. Але старшы лейтэнант не прыйшоў...
(596 слоў)

Паводле І. Чыгрынава.

Похожие статьи:

БиографииІван Чыгрынаў

Іван ЧыгрынаўІван Чыгрынаў - Звон - не малітва

Іван ЧыгрынаўІван Чыгрынаў - Дзівак з Ганчарнай вуліцы

Іван ЧыгрынаўІван Чыгрынаў - У ціхім тумане

Іван ЧыгрынаўІван Чыгрынаў - Бульба