Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Браслаўскія азёры

   Каму давялося хоць аднойчы пабываць у гэтым дзівосным кутку Беларусі, той заўсёды нясе ў сваім сэрцы яго непаўторнае хараство, зачэрпнутае з блакітнага бяздоння браслаўскіх азёр. Іх тут, нібы пацерак на нітцы, пакінута апошнім Валдайскім ледавіком каля трохсот. У акружэнні лясоў і пагоркаў азёры разгортваюцца перад вачыма чароўнаю панарамай, цешачы не параненай яшчэ цывілізацыяй прыродай, як бы просячы ў нас, насельнікаў сённяшняй зямлі, заступніцтва і дбайных адносін. Тут раўнінныя ўчасткі чаргуюцца з узгоркамі, сярод якіх у маляўнічых катлавінах ляжаць дзівосныя азёры. Меднастволыя сасновыя бары з празрыстай зелянінай змешаных лясоў надаюць сваю адметную прыгажосць мясцовасці, ствараючы багаццем колераў непераўзыдзеныя ў красе краявіды, што выклікаюць захапленне.
   Сярод шматлікіх азёр выдзяляецца асобна ўнікальнасцю і значнасцю плошчы браслаўская група азёр, якая і ўвайшла ў нацыянальны парк «Браслаўскія азёры». Самым вялікім возерам гэтай групы, а таксама пятым па велічыні ў рэспубліцы з’яўляецца возера Дрывяты, плошча якога складае трыццаць шэсць цэлых і дзве дзясятыя квадратнага кіламетра, а максімальная глыбіня – дванаццаць метраў. Катлавіна возера, працягнуўшыся на дзесяць кіламетраў, адкрыта вятрам любога напрамку, якія нярэдка падымаюць даволі высокія хвалі. I тады шум прыбою на беразе падобны да марскога. З-за інтэнсіўнага перамешвання вада ў возеры хутка праграецца і бывае цяплейшай, чым у іншых азёрах. У Дрывяты ўпадае адзінаццаць рэчак і ручаёў, а выцякае адна – Друйка. На беразе возера размешчаны заказнік «Дубкі», а таксама старадаўні парк, дзе захаваліся алеі, паляны, экзатычныя пароды дрэў.
   Непадалёку ад Дрывятаў тоіцца ў акружэнні гонкага лесу маляўнічае возера Неспіш, знакамітае сваімі чатырнаццаццю астравамі. На адным з іх калісьці была пабудавана царква з манастыром, таму востраў так і называецца – Манастыр. Была на возеры старажытная крэпасць, на месцы якой археолагамі выяўлены ўнікальныя знаходкі – надпісы рунічным алфавітам, што з’явіліся ў скандынаўскіх краінах у другім-трэцім тысячагоддзях нашай эры.
   Возера Струста займае трынаццаць квадратных кіламетраў плошчы і з’яўляецца адным з самых вялікіх у браслаўскай групе азёр. Дрэмле пасярод возера Чайчын востраў, белы вясной ад крылаў гэтых крыклівых птушак. Дзівосна ўпрыгожваюць яго гонкі сасновы лес і бярозавы гай.
   Кожнае возера мае сваю непаўторную прыгажосць, што прыдае Браслаўшчыне адметны каларыт. Тут сустракаецца трыццаць відаў рыб. Найбольш каштоўныя з іх – вугор і судак, а пераважаюць лешч, сазан, лінь, язь, шчупак.
   У Паазер’і і на астравах разнастайнае птушынае царства: тут гняздуюцца восемдзесят пяць працэнтаў ад колькасці ўсіх відаў птушак, што ёсць на Беларусі. Можна сустрэцца з чорнаваллёвай гагарай, белай курапаткай, трохпальцавым дзятлам, беркутам, чорным буслам, белахвостым арланам. Сучасная фаўна прадстаўлена відамі, характэрнымі для змешаных лясоў сярэднееўрапейскай паласы. Гэта лось, дзік, казуля, заяц-бяляк, заяц-русак, ліса, янотападобны сабака, воўк, куніца, вавёрка, выдра, норка.
   Няма сумнення, што неўзабаве Браслаўшчына стане адным з найбуйнейшых цэнтраў айчыннага турызму і адпачынку. Замежныя госці, прамовіўшы на развітанне словы сардэчнай падзякі, вязуць у шырокі свет уражанні пра браслаўскія азёры, цеплыню сэрцаў мясцовых жыхароў і вяртаюцца сюды са сваімі сябрамі, прызнаюцца, што такой прыгажосці дасюль не сустракалі.
(455 слоў)

Паводле I. Касьяненкі.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыЛясное возера

Пераказы, дыктантыСвіцязь

Пераказы, дыктантыНавальніца на возеры

Пераказы, дыктантыСамае глыбокае возера

Пераказы, дыктантыЖамчужына Беларускага Паазер’я