Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алёшка

   Над зялёнымі жытнімі каласамі таўкуць мак і звіняць камары – цененька-цененька, як вецер увосень за акном у саломіну. Алёшка спыніўся і доўга варажыў, кудою падацца: сцежачкай ці дарогай, якую ўскапалі снарады і здратавалі гусеніцамі танкі, калі тут тыдні два назад цэлыя суткі ішоў бой.
   Відаць, як заходзіць сонца, як адтуль, дзе яно хаваецца, паўзе лагчынай туман. А можа, гэта паднялі пыл танкі? Чуваць, як яны ракочуць і ляскаюць нечым. Чуваць яшчэ, як стракоча недзе блізка ў васільках ля дарогі конік.
   Учора прыйшло ім першае пісьмо ад таты – маленькі трохкутнічак, складзены самалёцікам лісток са сшытка ў касую лінейку, які быў у Алёшкі, калі ён пайшоў у першы клас. Пісьмо тату адпісала маці, склала такі ж трохкутнічак, і ён цяпер ляжыць у Алёшкі за пазухай. I не адзін. За пазухай і татаў трохкутнічак. Ён яшчэ ўчора забраў яго з сабой і спаў нават, паклаўшы пад падушку.
   Завезці пісьмо ў Крайск, дзе была пошта, не было каму. А тата зусім блізка ад дому, ля Гродна. Маці яго не пусціла ні ўчора, ні сёння, сказала нікуды не хадзіць, не адыходзіцца ад хаты. Калі заўтра ніхто не паедзе ў Крайск, яна сама панясе пісьмо. Алёшка ведае, што яму «ўляціць» за самаўпраўства, але ён усё знясе, каб толькі тата хутчэй атрымаў пісьмо.
   Алёшка ўжо мінаў лагчыну і зноў хаваўся ў жыце, як пачуў зусім побач голас. Нехта гаварыў у жыце не змаўкаючы.
   – Я Зямля! Я Зямля!.. – пачуў ён нешта зусім незнаёмае і ўбачыў ля дарогі салдата, перад якім на камені стаяў у драўлянай зялёнай скрыначцы тэлефонны апарат. Салдат падпёр адной рукой тэлефонную трубку ля вуха, другой торкаў у зямлю белыя металічныя пруткі. Гэта быў і не салдат, а дзяўчына ў ваеннай форме. Алёшка здагадаўся пра гэта тады, калі яна, зняўшы пілотку, паправіла рукой свае доўгія валасы.
   Цяпер яму было смялей: на дарозе ваенныя.
   Зноў пачалося густое жыта, за ім былі відаць недалёкія хаты. Толькі аднекуль падкралася трывога. Пашырэла раптам дарога. Калі ён убачыў на ёй немцаў, то не спалохаўся. Абедзвюма рукамі хуценька схапіўся за падпашша, дзе былі пісьмы. Ён не помніў: пабег ці, можа, прыкарэў да зямлі, як камар да саломінкі, і не варушыўся. Калі ж ён апамятаўся, заўважыў, што ідзе паціху-паціху, ледзьве ступае.
   Немцаў было сем. Усе ў пілотках, з аўтаматамі ў руках. Здалося, ад іх пахне потам і дымам. Яны заўважылі яго і спыніліся, ледзь не збіўшы з ног, але не зачапілі. Нават не гергеталі, перабеглі толькі цераз дарогу і схаваліся ў жыце.
   Ён бег дарогай, пакуль не пачаў задыхацца. Пасля спыніўся: там, дзе ён толькі што бачыў немцаў, хлыснуў зусім ціхі і сухі стрэл. Алёшку здалося, што гэта далёка.
   Ён бег назад, спатыкаўся і бег. Відаць, мінуў той жоўты камень і тэлефаністку. Стаў, агледзеўся: на тым самым месцы стаяла зялёная скрынка з апаратам, ля яе роўненька ляжала новенькая пілотка, гэтак жа на каленях стаяла дзяўчына ў ваеннай форме. Толькі дзяўчына неяк нізка схілілася над каменем, выпусціўшы з рук трубку. Густыя светлыя валасы ўпалі ёй на лоб і схавалі твар.
   У Алёшкі задрыжалі ногі. Ён падышоў да самага каменя і кашлянуў, спалохаўшыся сам. Ніхто не адгукнуўся. Наўкола было неяк надта ціха. Правады былі перарэзаны ля самага каменя...
   Ён пабег, выціраючы кулачкамі з твару халодны пот, і раптам адчуў, як яго моцна тузанула за кашулю на грудзях; пасля здалося, што ён упаў на мяккую капу сена і напароўся на зуб ад вілак. Дзіва: не балела і не хацелася плакаць.
   Ён бачыў яшчэ, як у жыце краталіся чорныя цені, пачуў, што выехала з-пад дзяжкі кашулька і выпалі пісьмы. Ён хацеў іх падняць, ён вунь як хацеў іх падняць... Але над галавой зазвінелі камары.
   Пасля стала ціха-ціха.
(589 слоў)

Паводле І. Пташнікава

 

Похожие статьи:

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Тартак

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Пагоня

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Найдорф

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Алені - ГДЗ

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Францужанкі