Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Аве, Марыя!

Варыянт 1 (330 слоў)

   Жанчыны прыходзілі сюды кожны дзень. Тут, каля вялікага сквера, немцы гналі ваеннапалонных. Жанчыны спадзяваліся на рэдкую ўдачу: а раптам у калоне знойдзецца нехта свой, родны?
   І яна была тут. Моўчкі стаяла, углядаючыся ў твары палонных. Раптам яна кінулася да канваіра, схапіла за рукаў і, паказваючы на аднаго з палонных, залямантавала, што гэта яе муж.
   Дзяўчына цягнула да сябе юнака ў парванай гімнасцёрцы, няёмка абдымала яго і прасіла канваіра адпусціць яе мужа.
   Немец коратка сказаў нешта па-нямецку і выштурхнуў іх з калоны.
   У натоўпе нехта ўздыхнуў:
   – Шчаслівая! Мужа знайшла!
   Яна ж цягнула юнака за сабой, далей ад калоны. А ён ішоў побач, узрушаны, знямелы, цягнучы параненую нагу. Хутка яны вымушаны былі спыніцца, бо хлопец не мог хутка ісці: перашкаджала параненая нага. Па дарозе міма іх па-ранейшаму цягнулася калона ваеннапалонных.
   Раптам яна спахапілася, нібы спужалася, што хлопца забяруць у яе, і завярнула ў двор. Яны прыселі на паваленую бомбай шэрую мармуровую калону. Дзяўчына зняла з юнака гімнасцёрку, накінула на яго свой жакет. Расказала, што яе дома чакае брат. Але ён такі ж брат, як гэты юнак ёй муж. Аказалася, што гэтага брата яна таксама выцягнула нядаўна з калоны. Ён быў паранены У галаву, ледзьве ішоў, і немцы хацелі яго прыстрэліць. Ёй удалося выпрасіць канваіра адпусціць яго, але вось бацьку выцягнуць не ўдалося, не аддалі немцы. Тонкі канапаценькі твар дзяўчыны спахмурнеў, голас стаў нізкім. Яна абняла юнака маленькай дужай рукой, і яны пакрочылі далей.
   Хутка яны спыніліся каля драўлянага доміка, які напомніў хлопцу ўскраіну роднага гарадка. Адразу зашчымела сэрца: што там з маці, як там сястра? Дзяўчына сказала, што тут жыве настаўніца Галіна Пятроўна, якая дапаможа яму, а ёй трэба ісці: дома чакае паранены чырвонаармеец, ды і месца ў яе больш няма.
   Пра нешта ціхенька пагаварыўшы з гаспадыняй, дзяўчына перадала той юнака, сказаўшы, што заўтра зойдзе, а сама заспяшалася дамоў.
   – Прабачце, – усхапіўся юнак, – я нават не ведаю, як ваша імя. Я ж абавязаны вам...
   Марыя! – неяк весела адказала яна і, памахаўшы рукой, выбегла за вароты.
   – Аве, Марыя... – прашаптаў ён услед дзяўчыне.
 


 

Варыянт 2 (453 словы)

 

Пад небам Бацькаўшчыны нашай
Прайшла суровая вайна.

П. Глебка.

   Жанчыны прыходзілі сюды кожны дзень. Тут, каля вялікага сквера, немцы гналі ваеннапалонных. Жанчыны стаялі і глядзелі з тугою і з болем, спадзеючыся на рэдкую ўдачу: а раптам сярод мужчын у калоне знойдзецца свой, родны, блізкі, доўгачаканы!
   I яна была тут. Моўчкі стаяла, углядаючыся ў твары палонных. Сваіх не было.
   Раптам нешта рашучае з’явілася ва ўсёй яе тоненькай постаці, у канапаценькім твары. Усе бачылі, як яна кінулася да канваіра, схапіла яго за рукаў і, паказваючы на аднаго з палонных, залямантавала, што гэта яе муж.
   Дзяўчына цягнула да сябе юнака ў парванай гімнасцёрцы, няёмка абдымала яго і прасіла канваіра адпусціць яе мужа.
   Немец коратка сказаў нешта па-нямецку і выштурхнуў іх з калоны.
   У натоўпе нехта ўздыхнуў:
   – Шчаслівая! Мужа знайшла!
   Яна ж цягнула юнака за сабой, далей ад людзей, ад іх дапытлівых позіркаў і пытанняў. А ён ішоў побач, узрушаны, знямелы, цягнучы параненую нагу. Хутка яны вымушаны былі спыніцца, бо хлопец не мог шпарка ісці: перашкаджала параненая нага. Па бруку міма іх па-ранейшаму цягнулася калона ваеннапалонных.
   Раптам яна спахапілася, нібы спужалася, што яго забяруць у яе, няёмка ўзваліла сабе на спіну і зацягнула ў двор. Яны прыселі на паваленую бомбай шэрую мармуровую калону. Дзяўчына зняла з юнака гімнасцёрку, накінула на яго свой жакет. Потым пачала распытваць, хто ён, адкуль, ці ёсць блізкія. Юнак аказаўся з Волгі, а з блізкіх у яго засталіся маці і сястра.
   Ужо садзілася сонца, дзяўчына раптам заспяшалася, сказаўшы, што яе дома чакае брат. Але ён такі ж брат, як гэты юнак ёй муж. Аказалася, што таго брата яна таксама выцягнула нядаўна з калоны. Ён быў паранены ў галаву, ледзьве ішоў, і немцы хацелі яго прыстрэліць. Ёй удалося выпрасіць канваіра адпусціць яго, але вось бацьку выцягнуць не ўдалося, не аддалі немцы.
   Тонкі канапаценькі твар дзяўчыны спахмурнеў, голас стаў нізкім. Яна абняла юнака маленькай дужай рукой, і яны пакрочылі далей. Мінулі Чэрвеньскі рынак. Вуліцы былі забруджаны лушпіннем ад семак. Галодныя жыхары знайшлі недзе склад з гэтай няхітрай ежай і харчаваліся ёю. Дзеці неслі ў бляшанках нешта чорнае. З ровам праносіліся нямецкія матацыклы, то там, то тут чулася нямецкая адрывістая гутарка.
   Драўляны домік, каля якога яны спыніліся, напомніў хлопцу ўскраіну роднага гарадка. Адразу зашчымела сэрца: што там з маці, як там сястра, ці жывыя яны наогул? Дзяўчына сказала, што тут жыве настаўніца Галіна Пятроўна, якая дапаможа яму, а ёй трэба ісці: дома чакае паранены чырвонаармеец, ды і месца ў яе больш няма.
   Яна пастукала ў акенца. На ганку з’явілася жанчына з цёмнымі карымі вачыма. Пра нешта ціхенька пагаварыўшы з ёю, дзяўчына перадала той юнака, сказаўшы, што заўтра зойдзе, а сама заспяшалася дамоў.
   – Прабачце, – усхапіўся юнак, – я нават не ведаю, як ваша імя. Я ж абавязаны вам...
   – Марыя! – неяк весела адказала яна і, памахаўшы рукой, выбегла за вароты.
   – Аве, Марыя... – прашаптаў ён услед дзяўчыне.

Паводле Г. Краснапёркі