Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Творчасць Генрыха Бёля

   Генрых Бёль увайшоў у літаратуру ў канцы 40-х гадоў, хаця, па ўласным прызнанні, спрабаваў пісаць і раней, да вайны, але не друкаваўся. Пасля вяртання з вайны Бёль пачне займацца толькі літаратурай, і на ўсё яго творчае жыццё галоўнай стане тэма вайны, якую ён распрацоўваў у творах самых розных жанраў. Для яго, чалавека, які прайшоў складаны шлях ад салдата вермахта да пісьменніка-антыфашыста, вайна – гэта страшная, жорсткая, бесчалавечная з'ява, якая знішчае чалавека не толькі фізічна (і гэта для Бёля – не самае страшнае), але і маральна. I ў першую чаргу гэта маральнае знішчэнне зведала на сабе нямецкая нацыя, якая доўгі час не магла зразумець, чаму і як яна стала віноўніцай самай страшнай і знішчальнай вайны XX стагоддзя. У першым сваім рамане «Дзе ты быў, Адам?» (1951) Генрых Бёль апавядае пра трагічныя лёсы франтавікоў на зыходзе вайны, паказвае яе вачамі звычайнага салдата Файнхальса, імкнецца асэнсаваць лёс і ўчынкі чалавека на вайне, вызначыць ступень вінаватасці асобы і віны нямецкага народа, які «ператварыўся ў драпежніка і прынёс вайну многім народам, але і сам жа стаў ахвяраю». Творы Генрыха Бёля – гэта аналіз прычын «вялікай трагедыі краіны і абставін, якія стваралі маленькую трагедыю кожнага чалавека», гэта спроба асэнсаваць мінулае, разабрацца ў яго прычынах, вынесці яму прысуд, каб яно больш не паўтарылася. Аповесць «Цягнік прыйшоў своечасова» (1949), раманы «I не сказаў ніводнага слова» (1953), «Дом без гаспадара» (1954), «Більярд а палове дзясятай» (1959), аповесці «Хлеб ранніх гадоў» (1955), «Самавольная адлучка» (1964), публіцыстычныя артыкулы «Вернасць літаратуры руін» (1952), «Пісьмо маім сынам» (1985), публіцыстычная кніга «Здольнасць гараваць» (1986), апошнія раманы «Групавы партрэт з дамай», «Жанчына перад рачным краявідам» (1986) – усе гэтыя творы раскрываюць тэму вайны.
   Лёс любога пісьменніка так ці інакш адбіваецца ў яго творах. Гэта ў поўнай меры адносіцца і да твораў Генрыха Бёля.
   Выпрабаванні, якія наканаваў яму лёс, прымусілі задумацца над многімі пытаннямі мінулага і зрабіць іх праблемамі сваіх твораў. Яго ўдзел у вайне (а Бёль прайшоў усю вайну ад першага да агюшняга дня, ваяваў на тэрыторыі Польшчы, Францыі, Румыніі, Венгрыі, Савецкага Саюза і сам сказаў пра гэта: «Я гэтак жа вінаваты і гэтак жа невінаваты, як любы іншы, хто страляў на гэтай вайне...»), спроба дэзерціраваць з арміі, пагроза расстрэлу, амерыканскі палон – толькі частка выпрабаванняў, якія дазволілі яму зразумець бесчалавечнасць вайны, яе страшнае ўздзеянне на чалавека. Змена ўяўленняў чалавека пра дабро і зло, выпрабаванні сумлення, ступень вінаватасці асобы, яе маральны выбар, жаданне ці нежаданне асэнсаваць прычыны падзення ці ўзлёту чалавека заўсёды ў цэнтры ўвагі пісьменніка. Таму ён, у адрозненне ад многіх аўтараў, якія апраўдвалі радавога нямецкага салдата неабходнасцю выконваць загад, паказвае дэзерцірства героя з арміі як адзіна правільны маральны выбар (аповесць «Цягнік прыйшоў своечасова»). Генрых Бёль ніколі не забываўся пра свой акопны вопыт, памятаў пра сяброў, якія не вярнуліся з вайны, пра тых, хто чакаў франтавікоў дома. Ён бачыў пасляваеннае разбурэнне, галечу, у якой жылі людзі, і імкнуўся прааналізаваць у сваіх творах прычыны вялікай трагедыі нямецкага народа, тыя абставіны, якія прывялі да вайны, што забрала «мільёны людзей, спаленых, растаптаных, расстраляных, задушаных у газавых камерах...» («Дом без гаспадара»). Чалавек глыбока рэлігійны, Бёль, тым не менш, не прымае маралі непраціўлення злу, ён імкнецца ў сваіх творах абудзіць нянавісць да тых сіл, што пачынаюць войны, узнімае праблему ўсенароднай віны за паўтарэнне фашызму, патрабуе прызнання вінаватасці немцаў і нацыянальнага пакаяння.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!