Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Жыццёвы и творчы шлях Антуана дэ Сент-Экзюперы

   Знаўцы сцвярджаюць, што біяграфія Экзюперы рамантычная, а смерць легендарная.
   Антуан дэ Сент-Экзюперы нарадзіўся ў 1900 годзе ў Францыі ў правінцыяльным горадзе Ліёне, горадзе трох універсітэтаў і старажытнай архітэктуры. Ён паходзіў з графскага роду, рана страціў бацьку. Выхаваннем сына займалася маці. Яна далучыла Антуана да цудоўнага свету літаратуры, пазнаёміла з музыкай і выяўленчым мастацтвам, навучыла бачыць і разумець прыгажосць. Невыпадкова на працягу ўсяго нядоўгага жыцця адным з яго важнейшых адрасатаў была маці, ён вельмі часта дасылаў ёй свае лісты.
   Гады дзяцінства і юнацтва, на думку ўжо сталага пісьменніка Экзюперы, гэта той перыяд, калі маленькі чалавек яшчэ захоўвае дадзеныя яму ад прыроды прыгажосць душы і творчыя задаткі, калі ён перапоўнены святлом жыцця і кахання, з’яўляецца ўвасабленнем унутранай чысціні і гармоніі. «Я глядзеў на пукаты лобік, на мяккія прыпухлыя вусны і думаў: вось твар музыканта, вось маленькі Моцарт, вось дзівосная абяцанка жыцця. Ён зусім як маленькі прынц з нейкай казкі: даць бы яму належны догляд, выхаванне, асвету – і ён апраўдаў бы самыя смелыя надзеі!»
   Але чалавек ва ўмовах пануючых у цывілізаваным свеце карыслівасці і прадажнасці, пагоні за грашыма і дабрабытам звычайна асуджаны самім грамадствам на жахлівае ператварэнне, на пераўтварэнне ў нешта зусім адваротнае, непадобнае на тое, чым абяцаў быць Маленькі прынц, маленькі Моцарт...
   «Я паглядзеў на бацьку. Цяжкі і голы, як камень, чэрап. Цела, скручанае ў нязручным сне, засунутае ў рабочую спяцоўку – адны бугры ды перапады. Не чалавек, а куча сырой гліны... I проста розуму недаступна, як жа яны абое сталі гэтымі кучамі гліны. Праз якія страшныя жорны прайшлі яны, пад які штампавальны прэс трапілі? Жывёла і на старасці захоўвае сваю прывабнасць... Чаму ж скасавалася такая цудоўная гліна, якой вылеплены чалавек?.. Маленькі Моцарт, як і усе, траліць пад той жа страшэнны штампавальны прэс.
   I стане цешыцца гнюснай музыкай нізкапробных корчмаў.
   Моцарт асуджаны...
   Мяне мучыць клопат садоўніка. Мяне мучыць не гэтая галеча – у рэшце рэшт людзі звыкаюцца з галечай, як з лянотай. На ўсходзе шматлікія пакаленні жывуць у гразі, і гэта ім падабаецца. Тое, што мучыць мяне, нельга загаіць бясплатнымі супамі. Нясцерпная не выродлівасць гэтай бясформеннай, скалечанай гліны. Нясцерпна тое, што ў кожным з гэтых людзей. мажліва, забіты Моцарт...»
   Таму Экзюперы і сваім жыццём, і сваёй творчасцю нібыта сцвярджаў: чалавек сам павінен шукаць сапраўднае, прыгожае і адухоўленае ў жыцці, сам павінен не паддавацца на ілжывыя спакусы цывілізацыі, свядома выбіраючы такі шлях, што ўзбагачае духоўнымі набыткамі, якія нельга страціць і якія не ператвараюць чалавека ў скаціну, а Моцарта ў жабрака.
   «Што трэба рабіць? – пытаўся аднойчы пісьменнік. – Гэта. Або супрацьлеглае. Або яшчэ што-небудзь. Будучае не дэтэрмініравана. Чым належыць быць? Вось асноўнае пытанне, бо толькі яно апладняе розум...» Экзюперы быў лётчыкам па прафесіі. I – пісьменнікам. I тут няма ніякай супярэчнасці. Калі яго спыталі, што для яго больш важнае – пісаць або лятаць, Экзюперы адказаў: «Для мяне лятаць і пісаць – адно і тое ж. Галоўнае – дзейнічаць, галоўнае – знайсці сябе. Авіятар і пісьменнік злучаюцца: абодва ў роўнай ступені спасцігаюць сусвет».
   У 6 гадоў маленькі Антуан упершыню праехаў на цягніку, а затым, як сцвярджаюць, даволі дакладна намаляваў схему яго механізмаў. У 12 гадоў ён упершыню падняўся ў паветра. У Парыжскай акадэміі мастацтваў ён правучыўся 15 месяцаў і пакінуў яе дзеля таго, каб пайсці ў войска – у авіяцыю. У 1922 годзе ён быў ужо малодшым лейтэнантам. А ў 1926 годзе стала, назаўсёды ўвайшоў і ў авіяцыю, і ў літаратуру – у так званую высокую літаратуру, у сусветную літаратуру. У гэтым годзе ён стаў пілотам грамадзянскай авіяцыі, пачаў працу на лініях на поўдні Францыі і на поўначы Афрыкі і надрукаваў першае апавяданне «Лётчык». У 1929 годзе Экзюперы накіравалі на поўдзень Амерыкі тэхнічным дырэктарам французскай філіі авіялініі. Ён працягваў выконваць палёты. выпрабоўваць самалёты, бо адчуваў і сваё прызванне вучонага-распрацоўшчыка, канструктара-вынаходніка, і не мог пакінуць сваёй справы, свайго прызвання – быць лётчыкам. Экзюперы двойчы трапляў у аварыі (у 1935, 1938 гадах), якія былі вельмі цяжкія.
   На думку пісьменніка, праца лётчыка неабходная, таксама як і праца селяніна, як і іншыя прафесіі: яны пракладваюць чалавеку шлях да ісціны, яны дапамагаюць яму зразумець самога сябе, тое сапраўднае ў жыцці, што не дадуць ніякія абстрактныя, атрыманыя з кніг веды. «Зямля памагае нам разумець саміх сябе, як не памогуць ніякія кнігі. Бо зямля не паддаецца нам. Чалавек спазнае сябе толькі ў змаганні з перашкодамі. Але для гэтага змагання яму патрэбны прылады. Яму патрэбны гэблік ці плуг. Селянін сваёй нялёгкай працай паступова вырывае ў прыроды яе таямніцы, і ісціна, якую ён здабывае, – усеагульная ісціна. Гэтак і самалёт – прылада для пракладвання паветраных ліній – сутыкае чалавека з усімі адвечнымі праблемамі».
   Магчыма, менавіта дзеля таго, каб сказаць людзям пра тое, што такое самалёт, чым ён служыць людзям, што можна зразумець з дапамогай самалёта і што зрабіць, і чаму гэтая праца такая ж неабходная, як і іншая, Экзюперы і стаў пісьменнікам. Яго літаратурная спадчына невялікая, але асветленая, азароная незвычайнай асобаю, адметным талентам гэтага чалавека. У 1929 годзе быў выдадзены «Паўднёвы паштовы», кніга, якая мела элементы аўтабіяграфічнасці. У ёй ужо быў акрэслены пошук ісціны. вышэйшага маральнага закону, згодна з якім павінен жыць чалавек, – пошук так званай «формулы». I зроблены першыя адкрыцці: вобразы адзіноцтва і пустыні, мара пра братэрства людзей, успаміны пра дзяцінства.
   Аповесць «Начны палёт» (1931) атрымала адну з найбольш значных літаратурных узнагарод – прэмію Феміна. Думка, якая прагучала ў гэтым творы, стала адным з запаветаў Экзюперы: «Трэба прымусіць людзей жыць у пастаянным напружанні, жыццём, якое прыносіць і пакуты, і радасць». У 1939 годзе выйшла кніга «Планета людзей» (Вялікая прэмія Французскай акадэміі за лепшы раман), а ў 1942 годзе – «Ваенны лётчык». Казка-прытча «Маленькі прынц» пісалася ў пачатку 40-х гадоў, была выдадзена ў 1943 годзе ў Нью-Йорку. Асобнае месца ў творчай спадчыне Экзюперы займаюць нарысы, прадмовы да сваіх кніг, лісты (да маці, сяброў, да Рэнэ дэ Сасін і інш.). А сваю казку «Маленькі прынц» пісьменнік дапоўніў уласнымі малюнкамі. Ды і ўся проза пісьменніка, асабліва гэты твор, шматфарбная, зіхатлівая, празрыстая, напоўненая святлом. чыстымі і прыгожымі колерамі. Да таго ж гэта проза надзвычай музычная: аўтар нібыта аднаўляе музыку ночы і зорак, агучвае гармонію Сусвету, часам вельмі пяшчотную і радасную, часам самотную і сумна-тужлівую. А праз усё гэта і паўстае духоўнае, поўнае новага сэнсу жыццё Чалавека, Лётчыка, Пісьменніка, Гуманіста.
   Пісьменнік Экзюперы быў удзельнікам вайны з фашызмам. У 1943 годзе ён служыў на поўначы Афрыкі, рабіў баявыя вылеты. Змагаўся за вызваленне Францыі. 31 ліпеня 1944 года ён апошні раз узняў сваю баявую машыну – амерыканскі самалёт-разведчык «лайтнінг». На ёй пілот Экзюперы зрабіў шмат вылетаў. Але ў гэты дзень ён не вярнуўся: «лайтнінг» быў збіты нямецкімі самалётамі. Кажуць, што Экзюперы ляцеў супраць сонца (якраз насустрач сонцу!) і ў промнях яго святла не заўважыў разведчыка «месершміта» і знішчальніка «фоке-вульфа». «Фоке-вульф» больш хуткі за «лайтнінг»...