Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Іван Мележ

   Нарадзіўся Іван Мележ у вёсцы Глінішчы Хойніцкага раёна 8 лютага 1921 года. У Івана было звычайнае вясковае дзяцінства і юнацтва. Спярша хлопец вучыўся ў пачатковай школе ў родных Глінішчах. У сямігодку давялося хадзіць у суседнюю вёску Алексічы. Пасля вучыўся ў Хойніках. Школу скончыў з атэстатам выдатніка. Спрабаваў паступаць у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры, але не прайшоў па конкурсе. Вярнуўся ў Хойнікі, працаваў у райкаме камсамола.У 1939 годзе I. Мележ становіцца студэнтам таго ж маскоўскага інстытута, але з першага курса прызваны ў армію. Служыць на Украіне. Вялікая Айчынная вайна застала яго ў Карпатах, дзе ён трапляе ў самае пекла гарачых баёў. У 1942 годзе быў цяжка паранены пад Растовам. З пасведчаннем аб інваліднасці I. Мележ апынуўся ў горадзе Бугуруслане Чкалаўскай вобласці. У Малдаўскім педагагічным інстытуце выкладаў ваенную падрыхтоўку і сам вучыўся завочна на літаратурным факультэце. Тут пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Восенню Мележы едуць на Сходню пад Масквой, дзе аднавіў працу Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Тут ён вучыўся з 1943 па 1945 год.
   Пасля Iван Мележ вярнуўся ў вызваленую Беларусь. Скончыў універсітэт, стаў аспірантам, працаваў над дысертацыяй па творчасці К. Чорнага, выкладаў родную літаратуру, быў супрацоўнікам "Полымя", працаваў у апараце ЦК Кампартыі Беларусі.
   Пісьменніцкую працу Іван Мележ заўсёды спалучаў з актыўнай грамадскай дзейнасцю.
   За вялікія дасягненні ў развіцці беларускай савецкай літаратуры ў 1972 годзе яму прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка БССР. Раман "Людзі на балоце" ў 1962 годзе адзначаны Літаратурнай прэміяй імя Якуба Коласа, за раманы "Людзі на балоце" і "Подых навальніцы" пісьменніку прысуджана Ленінская прэмія. У 1976 годзе Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа адзначана яго кніга "Жыццёвыя клопаты".
   На фарміраванне таленту паўплывала спачатку вучоба ў Хойніках. Мележ актыўна ўдзельнічаў у рабоце школьнага літаратурнага гуртка, пісаў вершы, многа маляваў, іграў у школьных спектаклях. У старшых класах захапіўся творамі беларускіх і рускіх пісьменнікаў. Вучыўся будучы пісьменнік "у сур'ёзнай літаратуры, літаратуры, якая піша праўду".
   Сходненскі перыяд быў надзвычай важным у станаўленні Мележа-мастака, бо менавіта тут ён цвёрда вырашыў стаць пісьменнікам. Першыя свае апавяданні даверыў Кузьме Чорнаму і атрымаў падтрымку: сталы майстар настойліва раіў пісаць, працаваць над сабой і сачыць "за псіхалагічным абгрунтаваннем чалавечых учынкаў".
   Асноўныя этапы творчасці пісьменніка:
1. Ранні перыяд творчасці (станаўленне).
2. Ваенны перыяд творчасці.
3. Пасляваенны перыяд.
4. Творчасць 1950-х гадоў.
5. Творчасць 1960-1980-х гадоў (творчая сталасць).
   Пісаць вершы і апавяданні Iван Мележ пачаў яшчэ вучнем. У 1939 годзе быў апублікаваны яго першы верш "Радзіме".
   У часы вайны ўбачылі свет першыя апавяданні, сярод якіх "Апошняя аперацыя", "Сустрэча". У 1946 годзе выйшаў зборнік "У завіруху", дзе малады пісьменнік зрабіў рашучы крок да авалодвання майстэрствам псіхалагічнага аналізу. У 1948 годзе была выдадзена кніга прозы "Гарачы жнівень". З канца 1947 года па 1953 год ён працуе над раманам "Мінскі напрамак".
   У 50-я гады Мележ друкуе тры зборнікі прозы — "Блізкае і далёкае" (1954), "У гарах дажджы" (1957), "Што ён за чалавек" (1961). Аўтар выявіў у іх мастакоўскую ўвагу да маральна-этычнай праблематыкі. У гэты час з'явілася і некалькі п'ес Мележа.
   У сталым узросце працуе над трылогіяй пад назвай "Палеская хроніка". У 1976 годзе выдаецца кніга "Жыццёвыя клопаты", якая была адзначана Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа.
   Раннія творы Мележа вызначаліся вернасцю пісьменніка жыццёвай праўдзе, глыбокім псіхалагічным аналізам чалавечых учынкаў, вастрынёй сацыяльнага і духоўнага бачання рэчаіснасці. З самага пачатку Мележу былі характэрныя эпічная паўната і цэласнасць узнаўлення характараў і абставін. Гэта сведчыла пра тое, што ў лісаратуру прыйшоў арыгінальны мастак, які глыбока разумее і любіць чалавека, здольны ярка паказаць яго ўнутраны свет.
   Своеасаблівым падагульненнем пісьменніцкай працы I. Мележа на раннім этапе з'явілася яго кніга "Мінскі напрамак", над якой ён працаваў з 1947 па 1953 год. Аўтар тыднямі сядзеў у архівах, сустракаўся з жывымі сведкамі і ўдзельнікамі баёў за вызваленне Беларусі. Iван Мележ імкнуўся да шырокага, панарамнага паказу падзей. Пісьменнік адчуваў, што ён павінен праўдзіва напісаць пра ўсё, гэта яго абавязак перад гераічнымі абаронцамі Бацькаўшчыны. Аўтар расказвае пра вызваленчую барацьбу на Беларусі летам 1944 года, пра стратэгічную аперацыю "Баграціён". Раман населены дзясяткамі герояў — ад радавых салдат і партызан да вопытных камандзіраў, смелых военачальнікаў. Асабліва напружана працаваў пісьменнік над вобразам I. Д. Чарняхоўскага, камандуючага Трэцім Беларускім фронтам. Вайну I. Мележ паказаў як агульнанародную трагедыю. Сярод іншых раманаў свайго часу "Мінскі напрамак" вылучаўся выразнай арыентацыяй пісьменніка на гуманістычныя прынцыпы. Але тагачасная крытыка неадназначна сустрэла раман. I сам аўтар быў вельмі патрабавальны да свайго твора, пра што сведчаць шматлікія праўкі і перавыданні. Толькі ў 1974 годзе ён завяршыў апошнюю, пятую, рэдакцыю.
   Праца над "Мінскім напрамкам" стала важным этапам у творчым росце Мележа-празаіка, у авалоданні ім майстэрства эпічнага адлюстравання рэчаіснасці. Іван Паўлавіч прызнаваўся, што кніга памятная яму і таму, што "толькі з яе выхадам адчуў сябе пісьменнікам".