Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Яўгенія Янішчыц

   Яўгенія Янішчыц нарадзілася 20 лістапада 1948 года ў вёсцы Рудка Пінскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’i. Маці – Марыя Андрэеўна, бацька – Іосіф Сцяпанавіч працавалі ў калгасе.
   У 1955 годзе Яўгенія пайшла ў першы клас Рудкаўскай пачатковай школы, у 4 класе напісала свой першы верш і прысвяціла яго маці. Пасля заканчэння Рудкаўскай пачатковай школы Жэня вучыцца ў Мерчыцкай васьмігодцы. У снежні 1962 года ў раённай газеце «Палеская праўда» з'явіліся першыя друкаваныя творы Жэні.
   1 верасня 1963 Яўгенія прыйшла ў 9 клас Парэцкай сярэдняй школы. У гэтым жа годзе яна напісала свой першы рукапісны зборнік вершаў «Першыя россыпы». Яе вершы друкуюцца ў раённай газеце і рэспубліканскіх выданнях. Яўгенія Янішчыц становіцца гонарам школы і сваёй “малой радзімы”.
   У 1966 Яўгенія закончыла 11 класаў Парэцкай сярэдняй школы і ў жніўні паступіла на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры БДУ. З 21 кастрычніка 1969 Яўгенія пачала друкаваць свае вершы амаль што ў кожным выпуску газеты «Беларускі універсітэт».
   У 1969 годзе Яўгенія Янішчыц прымала ўдзел ва Усесаюзнай нарадзе маладых паэтаў і пісьменнікаў у Маскве.
   У 1970 годзе выйшаў першы зборнік «Снежныя грамніцы». У гэтым жа годзе Яўгенія Янішчыц стала дыпламантам беларускага фестывалю творчасці маладых.
   У 1971 годзе Яўгенію прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. У гэтым жа годзе Я. Янішчыц заканчвае ўніверсітэт, працуе загадчыцай бібліятэкі ЦК ЛКСМБ (Цэнтральнага Камітэта Ленінскага Камуністычнага саюза моладзі Беларусі). Выходзіць замуж за беларускага паэта Сяргея Панізніка, тады вайскоўца, і маладыя едуць у Чэхаславаччыну. Сяргей працуе ваенным карэспандэнтам, а Жэня ўладкоўваецца на працу ў бібліятэку адной з воінскіх часцей. Праз год Яўгенія вяртаецца на радзіму. 14 лістапада 1972 года яна стала маці – нарадзіла сына Андрэя. З 1974-1976 на творчай працы.
   У 1974 годзе выходзіць кніга «Дзень вечаровы», за якую Яўгенія Янішчыц атрымала прэмію Ленінскага камсамола Беларусі ў 1978 годзе.
   З 1976 літкансультант у рэдакцыі «Сельской газеты». З 1983 года – загадчык аддзела паэзіі часопіса «Маладосць».
   Асабістае жыццё Я. Янішчыц складвалася няўдала. Пасля разводу жыла адна, выхоўвала сына, сумленна несла грамадскія нагрузкі. Творчая кар’ера, не ў прыклад асабістага жыцця, складвалася паспяхова. Яўгенія Янішчыц – дэпутат райсавета Савецкага раёна Мінска, член праўлення і прэзідыума Саюза Пісьменнікаў Беларусі.
   У 1981 прымала ўдзел у рабоце Генеральнай Асамблеі ААН.
   У 1978 годзе выходзіць кніга «Ясельда».
   У 1980 годзе выходзіць кніга «На беразе пляча».
   У 1983 годзе выходзіць кніга «Пара любові і жалю», за якую атрымала дзяржаўную прэмію ў 1986.
   У 1987 годзе выйшаў зборнік паэзіі «Каліна зімы».
   Таксама выдала кнігу выбранай лірыкі «У шуме жытняга святла».
   Свае карэспандэнцыі падпісвала псеўданімамі Ж. Заметкіна, Е. Іосіфава, Ясяльдзянка. Вершы яе змяшчаліся ў часопісах «Маладосць», «Беларусь», «Нёман», «Молодая гвардия», «Дружба народов», «Огонёк», газетах «Литературная Россия», «Литературная газета», альманаху «Поэзия», штогодніку «Дзень паэзіі», калектыўных зборніках БДУ і Гамбургскага Педагагічнага Інстытута, у анталогіі маладой беларускай паэзіі ва Украіне.
   Радзіма, Беларусь, дзяцінства – вось тыя крыніцы, якія поўнілі лірыку Яўгеніі Янішчыц духоўнай энергіяй. Яе вершы, прысвечаныя маці, бацьку, сыну, – гэта старонка не толькі асабістай біяграфіі, але і лірычнай хронікі, гісторыі беларускага народа.
   Мысленне, асабліва ў сталай лірыцы паэткі, вызначаецца філасофскім роздумам над часам і прасторай, імгненнем і вечнасцю, жыццём і смерцю. Стан душы лірычнай гераіні выяўляецца праз дыялектычную ўзаемазалежнасць такіх эмацыянальных катэгорый, як любоў і боль, шчасце і адчай, радасць і журба, святло і цемра.
   У роздумах пра бацькоўскі край, лёс землякоў і аднавяскоўцаў, пра гераічнае мінулае і сучаснасць адчуваецца высокая чалавечая годнасць, павага да людзей. Адной з лепшых старонак беларускай паэзіі стала інтымная лірыка Яўгеніі Янішчыц. У ёй найбольш выразна раскрылася незвычайнае духоўнае святло чалавечай і творчай асобы. Выяўленне душэўнага стану гераіні, яе сямейнай неўладкаванасці адбіліся ў паэме «Акно ў дождж».
   Справы вясковых працаўнікоў шырока паказаны ў паэме «Ягадны хутар», якая вызначаецца спалучэннем верша і вершаванай прозы ў выглядзе лістоў да маці, дзядзькі Арцёма, стрыечнага брата. Сучаснай вёсцы прысвечана і «Зорная паэма». Паэтыка Я. Янішчыц шчодра ўвабрала ў сябе разнастайныя мастацкія прыёмы і сродкі народнай вуснапаэтычнай творчасці. Тропы вывераны жыццёвай логікай і нясуць на сабе адбітак неардынарнасці паэтычнага мыслення. Вобразы каліны, шыпшыны і іншых пераўтвараюцца, у розных варыяцыях выяўляючы тонкія адценні душэўнага стану гераіні.
   Таксама Яўгенія Янішчыц пісала апавяданні, выступала ў друку з артыкуламі, рэцэнзіямі. Некаторыя творы паэткі (у тым ліку незакончаная паэма «Галалёд») былі надрукаваны пасмяротна ("Полымя". 1993. № 5).
   Вершы Я. Янішчыц перакладзены на ангельскую, балгарскую, іспанскую, нямецкую, польскую, рускую, украінскую мовы. На словы паэткі кампазітары Р. Давыдаў, Ю. Семяняка, М. Юрко і інш. напісалі песні.
   У апошнія гады жыла адна, выхоўвала сына. Друкавалася ў вядучых літаратурных выданнях не толькі сваёй краіны, але і за яе межамі.
   25 лістапада 1988 года трагічна загінула. Пахавана на Усходніх могілках у Мінску.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!