Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ян Чачот

   Ян Чачот (1796-1847) быў адным з самых актыўных сяброў Таварыства філаматаў, агульнапрызнаным яго «дударом». Ён цалкам падзяляў філамацкія ідэі, развіваў і пашыраў іх разам з сябрамі на практыцы, што праявілася ў яго творчым паглыбленні ў вуснапаэтычную творчасць свайго народа і асабліва ў спробе стварыць літаратуру на беларускай мове. Якраз за гэта больш за ўсё цанілі яго сябры-філаматы, вылучаючы на кіраўнічыя пасады.
   Нарадзіўся Ян Чачот у вёсцы Малюшычы Наваградскага павета 24 чэрвеня 1796 г., якраз на свята Яна Купалы — адсюль і яго імя. Хрысцілі малога Яна, «сына радавітай шляхецкай сям’і Чачотаў — Тадэвуша і Клавы з дому Гаціскіх», як даводзяць «Метрыкі», у парафіяльным касцёле ў Варончы. Прычым ён быў ахрышчаны двойчы — спачатку, 6 ліпеня, уніяцкім, а потым, 19 ліпеня, — каталіцкім святаром, які даў яму і другое імя — Антоні.
   З Малюшычаў сям’я Чачотаў неўзабаве перабралася пад Баранавічы, дзе бацька пачаў служыць аканомам у маёнтку Рэпіхава Навамышскай парафіі. Тут, на берагах ракі Мышанкі, і «прамільгнуў ранак жыцця паэта». Адсюль «Ян з Мышы», як назавуць яго потым сябры, падаўся на вучобу ў павятовы горад Наваградак у дамініканскую школу, дзе вучыўся разам з Адамам Міцкевічам, які стаў яго самым блізкім сябрам. Пасля яе заканчэння паехаў шукаць хлеб у Вільню. Уладкаваўся ў канцылярыі Пракураторыі, ці Масы радзівілаўскай, — створанай царом Аляксандрам I спецыяльнай камісіі па разборы архіваў нясвіжскіх Радзівілаў пасля смерці апошняга іх прамога нашчадка — Дамініка Радзівіла. Толькі праз год Ян Чачот змог ажыццявіць сваю мару — стаць студэнтам «галоўнай школы Літвы» — Віленскага ўніверсітэта. Ён намерыўся вучыцца на адваката.
   Тут, ва ўніверсітэце, Адам Міцкевіч і ўвёў свайго сябра ў Таварыства філаматаў. Пасля ўтварэння Таварыства філарэтаў Яна Чачота абралі кіраўніком найбольш важнага яго аддзела — літаратурнага, які называўся Блакітны саюз. Ён вельмі актыўна ўзяўся за згуртаванне маладых літаратараў, з вялікай патрабавальнасцю ставіўся да іх творчасці, за што яны жартоўна празвалі яго Ментарам. Пасля разгрому віленскіх згуртаванняў моладзі Ян Чачот разам з Тамашом Занам і Адамам Сузіным трапіў на Урал. Спачатку ён адбываў турэмнае зняволенне ў крэпасці Кізіл, адкуль яго перавялі ва Уфу, а потым — у Цвер. У 1833 г. яму дазволілі вярнуцца пад наглядам паліцыі на радзіму, у мястэчка Лепель, дзе ён уладкаваўся на службу ў дырэкцыі Бярэзінскага воднага канала. У 1839 г. «государь император высочайше повелеть соизволил», як гаворыцца ў цыркуляры, адпусціць Яна Чачота дамоў, на Наваградчыну, і зняць з яго паліцэйскі нагляд. Змучанага за гады зняволення Яна Чачота ўзяў на пасаду бібліятэкара былы шчыры апякун філаматаў ліберальны граф Адам Храптовіч, які валодаў у Шчорсах адной з багацейшых у Еўропе бібліятэк. Пасля смерці гаспадара Шчорсаў Ян Чачот жыў у сваіх сяброў на Наваградчыне — у вёснах Бортнікі, Вольная і Далматаўшчына, займаўся выданнем у Вільні сабраных ім томікаў беларускага фальклору.
   Пасля цяжкая хвароба прывяла яго ў Друскенікі, «на воды». Але лячэнне не дало ніякага выніку, і 23 жніўня 1847 г. Ян Чачот памёр у суседняй з Друскенікамі вёсцы Ротніца, дзе і быў пахаваны паблізу касцёла.
   Першыя вядомыя літаратурныя творы Яна Чачота з’явіліся недзе каля 1818 г., і тэматычна яны былі звязаны з жыццём філаматаў.
   Песні і вершы да студэнцкіх урачыстасцей пісалі разам з Янам Чачотам яшчэ Адам Міцкевіч, Тамаш Зан і іншыя, але, як заўважаюць польскія біёграфы паэта, якраз вершы і песні Яна з Мышы мелі найбольшую папулярнасць сярод студэнтаў, бо ў іх ярчэй адбіліся антыўрадавыя настроі моладзі, вольналюбівыя ідэі аўтара.
   Але самы вялікі поспех у моладзі, якая паходзіла з беларускай шляхты, мелі якраз тыя філамацкія творы Яна Чачота, якія былі напісаны па-беларуску. Сам факт звароту да мовы запрыгоненага, бяспраўнага мужыка-беларуса казаў пра многае, і перш за ўсё пра шчыры дэмакратызм паэта. Сваё захапленне беларускімі творамі Яна Чачота выказваў у пісьмах да сябра Адам Міцкевіч: «Лёгкасць ды прытым агонь, сапраўды піндараўскі1, перасягнулі нават тыя надзеі, якія я ўскладаў на цябе. Прэч з дарогі, Заны, прэч, Адамы! Не лянуйся, калі ласка! Ты пішаш усё лепш...»
   У нашым літаратуразнаўстве па-належнаму не ацанілі яшчэ і балады Яна Чачота, напісаныя ў 1818-1819 гг. на польскай мове. У іх ярка праявіўся паэтычны талент Ментара. Надзвычай важную ролю адыгралі балады Яна Чачота ў творчай біяграфіі яго славутага сябра Адама Міцкевіча, які вельмі імі зацікавіўся, — зацікавіўся магчымасцю выкарыстоўваць матывы і вобразы вуснай паэзіі беларускага народа ва ўласнай паэтычнай творчасці. Як зазначае польскі літаратуразнавец і фалькларыст Станіслаў Свірка ў сваёй кнізе «З кола філамацкага перадрамантызму» (Варшава, 1972), «...тыя «песні» і «балады» Чачота былі галоўным імпульсам, які падштурхнуў Міцкевіча ў кірунку народнасці... Таму што Чачот быў філамацкім маяком, які стаяў на віленскіх ростанях класіцызму і рамантызму і які нязменна паказваў на народнасць. Міцкевіч пайшоў у тым кірунку, і дарога тая прывяла яго да вялікай рамантычнай і народнай паэзіі».
   Шмат зрабіў Ян Чачот і ў беларускай фалькларыстыцы. Гэта быў сапраўдны подзвіг паэта-фалькларыста, які здолеў на працягу 1837-1846 гг. сабраць і выдаць у шасці зборніках беларускія народныя песні «з-пад Нёмана і Дзвіны», а таксама творы іншых жанраў фальклору. Спачатку ён даваў іх у перакладзе на польскую мову, а потым публікаваў у арыгінале, на беларускай мове. Гэтымі зборнікамі ён паказваў свету, якія неацэнныя скарбы мае беларускі народ.

К. Цвірка


1. Піндар — старажытнагрэчаскі паэт, класік харавой лірыкі.

 

Крыніца: Літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя: анталогія / укладальнікі: К. А. Цвірка, І. С. Шпакоўскі, К. У. Антановіч — Мінск: Беларуская навука, 2013. — 862 с.

Похожие статьи:

Ян ЧачотЯн Чачот - О ты край мой нешчаслівы...

Ян ЧачотЯн Чачот - Свіцязь

Ян ЧачотЯн Чачот - Яжовыя імяніны

Ян ЧачотЯн Чачот - Песні і балады

Ян ЧачотЯн Чачот - Паэзія 30-40 гг. ХІХ ст.