Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Ядвігін Ш.

(1868-1922)
   Ядвігін Ш. — адзін з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы — жыў на пераломе двух стагоддзяў, двух сацыяльных эпох. Вучань Дуніна-Марцінкевіча, ён быў паплечнікам Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, старэйшым сучаснікам Цішкі Гартнага, Максіма Гарэцкага, Змітрака Бядулі. Своеасаблівым і складаным быў яго жыццёвы шлях, нялёгкай была яго творчая біяграфія.
   Нарадзіўся Ядвігін Ш. (Антон Іванавіч Лявіцкі) у 1868 г. у маёнтку Добасня Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні (зараз Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці), дзе ў той час яго бацька служыў упраўляючым. Неўзабаве бацька змяніў месца працы, і сям'я пераехала на Міншчыну.
   Дзевяцігадовага Антося аддаюць вучыцца ў прыватную школу, арганізаваную дачкой В. Дуніна-Марцінкевіча ў фальварку Люцынка. Скончыўшы затым Мінскую гімназію, Лявіцкі паступіў вучыцца ў Маскоўскі універсітэт на медыцынскі факультэт. Гэта былі 80-я гады, вядомыя ў гісторыі Расіі як перыяд жорсткай палітычнай рэакцыі, выкліканай падзеямі 1 сакавіка 1881 г. — забойствам цара Аляксандра II.
   Тым не менш перадавая частка студэнцтва і ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій падавала аб сабе голас. Буйныя студэнцкія «беспарадкі» адбыліся ў вышэйшых навучальных установах Масквы і Пецярбурга якраз у той час, калі ў Маскоўскім універсітэце вучыўся Ядвігін Ш. У сваіх «Успамінах» пісьменнік перадае гэту атмасферу студэнцкіх выступленняў, з уласцівым яму пачуццём гумару расказвае, як часам выратоўвала студэнцкая вынаходлівасць там, дзе адкрыта дзейнічаць было сурова забаронена. Ён, напрыклад, апавядае пра тое, як студэнты арганізавалі дэманстрацыю з прычыны смерці М. Г. Чарнышэўскага.
   Трапіўшы ў асяроддзе рэвалюцыйна настроенай моладзі, Ядвігін Ш. адразу стаў на бок тых, хто быў незадаволены існуючым ладам. Калі аднойчы ўспыхнуў бунт сярод студэнтаў Пятроўска-Разумоўскай сельскагаспадарчай акадэміі, універсітэцкія студэнты падтрымалі яго. Студэнцкія хваляванні хутка былі падаўлены, і ў ліку арышгаваных аказаўся студэнт-медык Антон Іванавіч Лявіцкі. Гэта здарылася 8 сакавіка 1890 г.
   Расказваючы ва «Успамінах» пра арышты студэнтаў і жыццё ў Бутырках, Ядвігін Ш. нічога не гаворыць пра сваю асабістую ролю ў студэнцкім руху. На 63 старонках кніжкі няма ніводнага займенніка «я». «Мы» — гаворыць аўтар пра групу арыштаваных студэнтаў, расказвае пра асобных сваіх таварышаў. Але якой бы сціплай ні была роля будучага пісьменніка ў студэнцім руху, яго ўдзел у гэтым руху свядомы, а адносіны да ўнутранай палітыкі царскага ўрада, як аб'ектыўна вынікае з апавядання, рззка адмоўныя.
   Некаторы час арыштаваныя студэнты знаходзіліся ў Бутырках у так званай агульнай камеры, і часам бывала тужліва з-за невядомасці лёсу, але ўвогуле настрой быў бадзёры, бо ва ўсіх было чыстае сумленне і вера ў будучыню. Студэнты выпускалі рукапісную газету, жартавалі над турэмным начальствам. Аднойчы наладзілі канцэрт, на якім са сваімі нацыянальнымі песнямі і танцамі выступілі рускія, украінцы, літоўцы, латышы, каўказцы, палякі. Пасля канцэрта члены Мінскага зямляцтва доўга не спалі. Размова ў іх ішла пра Беларусь, пра яе долю, яе цудоўныя песні, якіх не пачулі на канцэрце. Тут жа, у Бутырках, было вырашана заснаваць першы беларускі гурток моладзі ў Маскве і любымі сродкамі — легальнымі ці нелегальнымі — адраджаць беларускую культуру, узнімаць нацыянальную самасвядомасць народа.
   Пасля вызвалення з турмы Ядвігіну Ш. не давялося вярнуцца ва універсітэт, бо вышэйшыя навучальныя ўстановы старанна ачышчаліся ад асоб, якія знаходзіліся на падазрэнні паліцыі. Ён здаў экзамен на аптэкарскага практыканта, прайшоў практыку ў адной з маскоўскіх аптэк, выехаў у Беларусь і стаў працаваць памочнікам правізара ў мястэчку Радашковічы, недалёка ад якога знаходзіўся фальварак Лявіцкіх Карпілаўка, дзе жыла заўдавелая ўжо маці пісьменніка.
   У Радашковічах падабраўся дружны гурток мясцовых беларусаў-інтэлігентаў. Ядвігін III. становіцца адным з актыўных членаў гэтага гуртка, на літаратурных вечарах выступае з дэкламацыяй вершаў Багушэвіча, Дуніна-Марцінкевіча.
   Літаратурную дзейнасць пісьменнік распачаў яшчэ ў турме. Там ён пераклаў на беларускую мову апавяданне Гаршына «Сігнал», якое было выдадзена ў Маскве ў 1891 г.
   У 1892 г. Ядвігін Ш. напісаў камедыю «Злодзей». Гурток рыхтаваў гэту п'есу да пастаноўкі. Па ініцыятыве аднаго з членаў гуртка Яна Офенберга меркавалася даць спектакль на платнай маёўцы і ўвесь збор перадаць на адкрыццё бальніцы ў Радашковічах. Але справа дайшла толькі да генеральнай рэпетыцыі. Павятовы пракурор даведаўся пра пастаноўку п'есы, якая не прайшла цэнзуру, да таго ж напісана на забароненай мове, папярэдзіў следчага, і спектакль не адбыўся. П'еса не была ў свой час надрукавана і прапала ў рукапісу.
   Забарона спектакля была балюча ўспрынята Ядвігіным Ш. і выклікала доўгае творчае маўчанне. Неўзабаве па стану здароўя Ядвігін Ш. вымушаны быў адмовіцца ад работы ў аптэцы. Некаторы час ён загадваў магазінам запаснога насення землеўласнікаў, а ў 1897 г. перабраўся з сям'ёй у свой фальварак Карпілаўку і заняўся садоўніцтвам. Тут ён працягвае пісаць, аднак доўгі час не робіць спробы надрукаваць напісанае. Творы яго, закончаныя і незакончаныя, «адлежваюцца ў шуфлядзе».
   I толькі ў 1903-1904 гг. прозвішча пісьменніка з'яўляецца на старонках віленскіх і мінскіх рускіх прагрэсіўных газет. Беларускага друкаванага органа тады яшчэ не было. Ядвігін Ш. выступае з апавяданнямі, публіцыстычнымі артыкуламі і карэспандэнцыямі мясцовага характару. Ён піша на рускай мове, але піша пра Беларусь, пра беларускага селяніна, знаёміць чытача з беларускім фальклорам, узнімае набалелыя пытанні нацыянальнага жыцця. Адна з карэспандэнцый Ядвігіна Ш. гэтага часу называецца «Людзі — людзьмі забытыя». Пісьменнік гаворыць, што селянін-беларус абуджаецца пасля доўгага сну, пачынае цікавіцца сучаснымі падзеямі, але ён адгароджаны ад ведаў, асветы, літаратуры, бо няма нават перыядычных выданняў на роднай мове. Аўтар звяртае ўвагу грамадскасці на неабходнасць неадкладна арганізаваць выданне на беларускай мове штотыднёвага дадатку да адной з газет, якія выходзяць на тэрыторыі Беларусі.
   Пераломнай вяхой у гісторыі ўсёй беларускай літаратуры і ў жыцці і творчасці Ядвігіна Ш. была рэвалюцыя 1905 г. Пісьменніка захапіў той грамадска-палітычны і нацыянальны ўздым, які панаваў на Беларусі. З вялікім энтузіязмам бярэцца ён за літаратурную працу, уключаецца ў культурна-асветніцкую работу.
   У газеце «Наша доля» (1906, № 3) надрукавана першае апавяданне Ядвігіна Ш. на беларускай мове «Суд». З гэтага часу пісьменнік становіцца актыўным супрацоўнікам першых беларускіх легальных газет «Наша доля» і «Наша Ніва». Перыяд з 1906 па 1914 г. быў самым плённым у творчай біяграфіі празаіка. Ён друкуе шмат апавяданняў, цікавых артыкулаў, выступае з успамінамі, піша нататкі з падарожжа па роднаму краю.
   Ядвігін Ш. пачаў пісаць задоўга да таго, як з'явілася магчымасць друкаваць напісанае на беларускай мове. Яго зборнікі «Бярозка» (1912) і «Васількі» (1914), выдадзеныя адзін за другім, з'яўляюцца вынікам працы не аднаго дзесяцігоддзя.
   У 1910 г. Ядвігін Ш. здзейсніў сваю даўнюю мару — зрабіў падарожжа па родным краі. 27 мая ён выбраўся з Вільні і пешшу накіраваўся па Ашмянскім тракце. Падарожжа цягнулася да канца верасня. Пісьменнік прайшоў больш за 400 вёрст, наведаў шмат вёсак, мястэчак і хутароў, пазнаёміўся з рознымі людзьмі.
   Вясной 1914 г. Ядвігін Ш. пераехаў у Мінск, дзе да пачатку вайны быў адным з арганізатараў і тэхнічным рэдактарам штомесячных часопісаў «Саха» і «Лучынка». Вайна спыніла гэтыя выданні, але пісьменнік заставаўся ў Мінску. Ён быў арганізатарам Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны, ставіў спектаклі, выступаў на сцэне, на свой кошт выдаў зборнік «Беларускія жарты» (1915), некалькі сельскагаспадарчых брашурак. I ўсё гэта ў свабодны ад надзённай працы час, бо даводзілася неяк зарабляць на хлеб, працуючы то ў Мінскім цэнтральным бюро працы, то кіраўніком пашывачных майстэрняў па ваеннаму абмундзіраванню.
   Празмерная работа, дрэнныя матэрыяльныя і кватэрныя ўмовы далі пачатак цяжкой хваробе (сухоты горла). Зімой 1918 г. Ядвігін Ш. вымушаны быў легчы ў Мінскі шпіталь, а як трошкі ачуняў, паехаў у сваю Карпілаўку і амаль нікуды не выязджаў з дому. У час грамадзянскай вайны загінулі рукапісы пісьменніка, усе закончаныя і незакончаныя творы, што «адлежваліся ў шуфлядзе».
   Праз некаторы час Ядвігін Ш. пачынае супрацоўнічаць у газеце «Беларусь», друкуе там сваю аповесць «Золата» (1920), адзін з першых твораў буйнога эпічнага жанру ў беларускай літаратуры. Аповесць «Золата» — твор незакончаны. I тым не менш ён вельмі цікавы па некаторых сваіх мастацкіх якасцях і як адзін з першых твораў беларускай прозы вялікага эпічнага жанру.
   Восенню 1920 г. зусім хворы Ядвігін Ш. выехаў у Вільню. У 1921 г. ён выдае тут свае «Успаміны», над якімі працаваў яшчэ дома. «Успаміны» таксама засталіся незакончанымі. Першая частка, якая ўбачыла свет, ахоплівае студэнцкія гады пісьменніка, арышт і знаходжанне ў Бутырках.
   24 лютага 1922 г. у Вільні на бальнічным ложку, у разлуцы з сям'ёй пісьменнік памёр.
   Пісьменнік-рэаліст, ён у сваіх творах адлюстраваў пэўны перыяд гістарычнага жыцця беларускага народа, узбагаціў беларускую прозу новымі жанрамі, унёс магчымую на тым этапе стылявую разнастайнасць у розныя віды апавядання, быў адным з пачынальнікаў буйнога эпічнага палатна і мастацкай публіцыстыкі.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!